Нібы чорны цень спусціўся на твар пустэльніка. Ён са злосцю сціснуў свае кастлявыя рукі, пастаяў крыху, часта дыхаючы і глытаючы сліну, потым хрыпла вымавіў:
— Ты, ведаеш, што гэта ён зрабіў нас бяздомнымі і беспрытульнымі[1]?
Адказу не было. Стары нахіліўся, углядаючыся ў спакойны твар хлопчыка і прыслухоўваючыся да яго роўнага дыхання.
— Ён спіць, спакойна спіць.
І твар яго праясніўся. На ім цяпер з’явіўся выраз злараднага задавальнення. Хлопчык усміхнуўся ў сне. Пустэльнік прамармытаў:
— Сэрца яго поўнае шчасцем! — і адвярнуўся.
Ён бясшумна хадзіў па пакоі, чагосьці шукаючы; то спыняўся і прыслухоўваўся, то паварочваўся, каб зірнуць на ложак; і ўсё мармытаў, мармытаў сабе пад нос. Нарэшце ён, відаць, знайшоў тое, што шукаў: стары, заіржавелы кухонны нож і брусок. Тады ён пракраўся да свайго месца ля агню, сеў і пачаў вастрыць нож, усё мармочучы сам сабе то цішэй, то мацней.
Вецер стагнаў вакол адзінокай хацінкі, таямнічыя галасы ночы даносіліся з невядомай далечы. Бліскучыя вочы адважных пацукоў і мышэй глядзелі на старога з усіх шчылін і нор, але ён рабіў сваю справу з захапленнем, нічога не заўважаючы.
Часам ён праводзіў вялікім пальцам па лязу нажа і з задаволеным выглядам ківаў галавой.
— Вастрэй робіцца! — казаў ён. — Так, вастрэй!
Ён не заўважаў, як бяжыць час, і мірна працаваў, заняты сваімі думкамі, якія часам выказваў голасна:
— Яго бацька пакрыўдзіў нас, разарыў нас і цяпер пайшоў у пекла гарэць на вечным агні! Але, у пекла, гарэць на вечным агні! Ён выкруціўся ад нас, але на тое была божая воля, так, божая воля, і мы не павінны наракаць. Але ён не выкруціўся ад пякельнага агню, усё знішчаючага, бязлітаснага, незгасальнага, і гэты агонь будзе гарэць да сканчэння века.
Ён усё вастрыў, усё вастрыў, то невыразна мармочучы, то ціхенька хіхікаючы ад радасці, то перапыняючы мармытанне выразнымі словамі.
- ↑ Кароль Генрых VIII (1491-1547) увёў у Англіі пратэстантызм, канфіскаваў царкоўныя і манастырскія землі. Яго царстваванне адзначана праследаваннямі і карамі смерцю за рэлігійныя погляды.