ваць цябе; і, калі ніхто іншы мне не паверыць, прашу цябе, ты не сумнявайся ва мне: я гэтага не мог-бы знесці.
— Я не сумняваюся ў табе, — сказаў кароль з дзіцячай прастатой і даверлівасцю.
— Дзякую табе ад усёй душы! — горача ўсклікнуў Гендон. Ён быў шчыра расчулены. А кароль дадаў таксама проста:
— Ты-ж не сумняваешся ва мне?
Гендону стала сорамна, і ён быў рады, калі, адчыніўшы дзверы, увайшоў Г’ю і вызваліў яго ад неабходнасці адказаць.
Услед за Г’ю ўвайшла прыгожая дама, багата ўбраная, а за ёю некалькі слуг у ліўрэях. Дама ішла павольна, апусціўшы галаву і гледзячы ў падлогу. Твар яе быў надзвычайна сумны. Майлс Гендон кінуўся да яе, усклікнуўшы:
— О, мая Юдзіф, дарагая мая!..
Але Г’ю спакойна адстараніў яго і сказаў даме:
— Паглядзіце на яго, — вы пазнаёце?
Пачуўшы голас Майлса, красуня крыху ўздрыганулася, і шчокі яе трохі пачырванелі; цяпер яна трэслася ўсім целам. Доўга стаяла яна нерухома і ціха, потым павольна падняла галаву і паглядзела прама ў вочы Гендону напалоханым, нібы скамянелым позіркам; кропля за кропляй уся кроў сышла з яе твара, і ён зрабіўся смяртэльна бледным. Голасам, такім самым мярцвяцкім, як і яе твар, яна сказала:
— Я не ведаю яго.
Затым яна павярнулася, стрымліваючы стогн, і няцвёрдымі крокамі вышла з пакоя.
Майлс Гендон упаў на крэсла і закрыў твар рукамі. Памаўчаўшы, брат яго сказаў слугам:
— Вось гэты чалавек. Ён вам вядомы?
Яны паматалі таловамі. Тады іх пан сказаў:
— Слугі не пазнаюць вас, сэр. Баюся, што тут нейкае непаразуменне. Вы бачылі, мая жонка таксама не пазнала вас.
— Твая жонка… — У адзін міг Г’ю быў прыціснуты да сцяны, і жалезная рука ўхапіла яго за горла. — Ах, ты, раб з сэрцам ліса! Цяпер я ўсё разумею! Ты сам напісаў тое ілжывае пісьмо, каб украсці ў мяне бацькаўскую спадчыну і нявесту. Маеш! Цяпер ідзі, пакуль я не запэцкаў сваёй чэснай салдацкай рукі забойствам такога нікчэмнага стварэння.
Г’ю, увесь чырвоны, задыхаючыся, ледзьве дайшоў да блі-