жэйшага крэсла і паваліўся ў яго, загадаўшы слугам схапіць і звязаць разбойніка. Слугі марудзілі. Адзін з іх сказаў:
— Ён узброены, сэр Г’ю, а мы бяззбройныя.
— Узброены? Дык што-ж! Ён адзін, а вас многа. Кажу вам, вяжыце яго!
Але Майлс параіў ім быць паасцярожней.
— Вы мяне ведаеце: які я быў, такі і астаўся. Паспрабуйце толькі да мяне падыйсці!
Гэтыя словы не дадалі храбрасці слугам. Яны пасунуліся назад.
— Прэч, трусы! Узбройцеся і ахоўвайце ўсе выхады, пакуль я пашлю каго-небудзь па варту, — сказаў Г’ю.
На парозе ён абярнуўся да Майлса і дадаў:
— А вам раю не пагаршаць свайго становішча бескарыснымі спробамі ўцячы.
— Уцячы? Хай гэта цябе не трывожыць. Майлс Гендон — гаспадар у Гендонскім замку і ва ўсіх яго ўгоддзях. Ён тут астанецца, не сумнявайся!
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
НЕ ПРЫЗНАНЫ
Кароль пасядзеў трохі, падумаў, потым паглядзеў на Майлса і сказаў:
— Дзіўна, надзвычай дзіўна! Не разумею, што гэта значыць:
— Зусім не дзіўна, гасудар! Я яго ведаю, ад яго нічога іншага і чакаць нельга, — ён быў нягоднікам ад дня нараджэння.
— О, я кажу не аб ім, сэр Майлс!
— Не аб ім? Дык аб кім-жа? Што тут дзіўнага?
— Што аб каралі да гэтага часу не схамянуліся…
— Як? Што такое? Я цябе не разумею.
— Не разумееш? Хіба не здаецца табе дзіўным, што па ўсёй краіне не рыскаюць ганцы, шукаючы мяне, і не вывешана аб’ява з апісаннем маёй асобы? Хіба можна не хвалявацца і не сумаваць, ведаючы, што галава дзяржавы знік без сляда, што я прапаў?
— Зусім правільна, мой кароль. Я забыў аб гэтым.
Гендон уздыхнуў і прамармытаў сам сабе:
«Бедны вар’ят! Ён усё яшчэ ахоплены сваёй наіўнай марай».
— Але ў мяне ёсць план, які дапаможа нам абодвум адна-