«У Фенчэрч-стрыце нейкае цудоўнае дзіця ў раскошным убранні ўзышло на падмосткі і віўала яго вялікасць вершамі:
Хай жыве кароль! — пяюць табе сэрцы. |
«Натоўп у адзін голас паўтараў словы дзіцяці».
Том Кэнці глядзеў на гэта ўсхваляванае мора радасных твараў, і сэрца яго весялілася; ён адчуваў, што калі варта жыць, дык толькі для таго, каб быць каралём і любімцам народа. Раптам ён убачыў воддалі двух маленькіх абадранцаў, яго былых таварышоў па Двару аб’едкаў (адзін з іх займаў пасаду лорда-адмірала пры яго пацешным двары, а другі — першага лорда адпачывальні), і яшчэ больш заганарыўся. О, каб яны маглі пазнаць яго цяпер! Якое невыказнае шчасце было-б, каб яны яго пазналі, каб убачылі, што пацешны кароль трушчоб і задворкаў зрабіўся сапраўдным каралём, што яму прыслужваюць герцагі і прынцы і ля ног яго ўвесь англійскі народ. Але ён павінен быў адрачыся ад сябе самога, ён павінен быў заглушыць сваё жаданне, бо такая радасць абышлася-б яму надта дорага. І Том адвярнуўся, а хлопчыкі прадаўжалі скакаць і крычаць, не падазраючы каму яны пасылаюць свае прывітанні.
— Слава! слава! — крычаў народ, і Том замест адказу кідаў у натоўп жмені новенькіх бліскучых манет. Летапісец расказвае: «На верхнім канцы Грэсчэрч-стрыта горад пабудаваў багатую арку, пад якой былі падмосткі, якія цягнуліся з аднаго боку вуліцы да другога. На гэтых падмостках былі выстаўлены статуі бліжэйшых продкаў караля. Там сядзела Елізавета Іоркская — пасярэдзіне вялікай белай ружы, пялёсткі якой звіваліся вакол яе вычварнымі фестонамі; побач з ёй, у чырвонай ружы, сядзеў Генрых VIII; рукі царскай пары былі злучаны, — на іх красаваліся выстаўленыя напаказ заручальныя пярсцёнкі. Ад белай і чырвонай ружы цягнулася сцябло да другіх падмосткаў, дзе Генрых VIII выходзіў з чырвона-белай ружы разам з Джэн Сеймур, маткаю новага караля. Ад гэтай пары зноў-жа цягнулася сцябло да трэціх падмосткаў, дзе стаяла статуя самога Эдуарда VI на троне, ва ўсёй яго царскай велічы. Усе падмосткі былі апавітыя гірляндамі руж, чырвоных і белых».
Гэта дзіўнае і прыгожае відовішча прывяло ў такое захапленне радасны народ, што яго крыкі зусім заглушылі слабы го-