ён застаўся зусім адзін пад гнеўнымі і пагардлівымі поглядамі прыдворных. Лорд-пратэктар з запалам крыкнуў:
— Выкіньце гэтага жабрака на вуліцу і праганіце пад бізунамі праз увесь горад! Гэты нахабнік не заслугоўвае нічога лепшага.
Гвардзейцы кінуліся к хлопчыку, але Том Кэнці ўладарна адстараніў іх рукой.
— Гасудар, пячаткі там няма.
— Назад! Хто дакранецца да яго, адкажа галавой!
Лорд-пратэктар не ведаў, што і думаць. Ён спытаў Сент-Джона:
— Ці добра вы шукалі? Але-ж аб гэтым няма патрэбы і пытацца. Надзвычай дзіўна! Калі дробныя рэчы знікаюць без сляда, гэтаму не здзіўляешся. Але якім чынам такая буйная рэч, як англійская дзяржаўная пячатка, магла знікнуць без сляда і так, што ніхто не можа знайсці яе? Такі цяжкі залаты круг…
У Тома Кэнці заблішчэлі вочы, ён падскочыў да лорда Сент-Джона і крыкнуў:
— Стойце! Якая яна была? круглая? тоўстая? На ёй былі выразаны літары і дэвізы? Так? О, цяпер я ведаю, што такое гэта вялікая пячатка, якую вы ўсе так доўга шукалі! Каб вы мне апісалі яе раней, вы-б атрымалі яе тры тыдні назад. Я вельмі добра ведаю, дзе яна ляжыць, але не я першы палажыў яе туды.
— А хто-ж, гасудар? — спытаў лорд-пратэктар.