Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/206

Гэта старонка не была вычытаная

такой цікавасцю і не адчуваў сябе гэтак ашаломленым, збянтэжаным.

— Дзеля жарту, гасудар, мы памяняліся адзеннем. Потым мы сталі перад люстрам і аказалася, што мы абодва так падобны адзін на аднаго, нібы і не пераапраналіся зусім, — ты помніш і гэта, так? Потым ты заўважыў, што салдат моцна пабіў мне руку, — глядзі, і да гэтага часу не магу нават трымаць ёю пяро, так здзервянелі мае пальцы. Убачыўшы гэта, твая высокасць ускочыў, пакляўшыся, што ты адпомсціш салдату, і пабег да дзвярэй. Табе трэба было прайсці каля стала. Гэта штука, якую вы называеце пячаткай, ляжала на стале, — ты схапіў яе, азіраючыся навакол, быццам шукаючы, куды яе палажыць, потым убачыў…

— Стой! Досыць! Дзякуй богу, я ўспомніў! — усклікнуў усхваляваным голасам абадраны прэтэндэнт на прастол. — Ідзі, мой добры Сент-Джон: у рукавіцы міланскага панцыра, што вісіць на сцяне, ты знойдзеш дзяржаўную пячатку!

— Верна, гасудар, верна! — усклікнуў Том Кэнці. — Цяпер англійская дзяржава твая, і таму, хто ўздумаў-бы супярэчыць, лепш-бы нарадзіцца нямым! Спяшайся мілорд Сент-Джон! Няхай твае ногі ператворацца ў крыллі!

Усе прысутныя былі цяпер на нагах. Яны нібы ашалелі ад непакою, трывогі і пякучай цікавасці. Увесь сабор гудзеў як пчаліны вулей. Усе адразу загаварылі ўзбуджана і палка, унізе і на падмостках — усюды. Ніхто нічога не чуў і не цікавіўся нічым, апрача таго, што крычаў яму ў вуха сусед або што ён сам крычаў у вуха суседу. Час праляцеў вельмі хутка.

Нарэшце па сабору пранёсся шэпт, і на падмостках з’явіўся Сент-Джон. У паднятай над галавой руцэ ён трымаў дзяржаўную пячатку. Адразу-ж грымнуў крык:

— Хай жыве сапраўдны кароль!

Мінут пяць у саборы стогн стаяў ад крыкаў і грому музыкі; насавыя хустачкі воблакам луналі ў паветры; а той, каго тычыліся ўсе гэтыя прывітанні, маленькі абадранец — ад гэтага часу першы чалавек у Англіі — стаяў на вачах ва ўсіх, пасярэдзіне падмосткаў, шчаслівы і горды; шчокі яго палалі чырванню, і васалы яго схілялі перад ім калені.

Затым усе ўсталі, і Том Кэнці ўсклікнуў:

— Цяпер, о гасудар, вазьмі назад тваё царскае адзенне і аддай беднаму Тому, слузе твайму, ягонае рыззё!

202