— Калі ласка, разбудзі мяне, калі накрыюць на стол!
І зараз-жа заснуў глыбокім сном.
Смех заіскрыўся ў вачах Гендона, і ён сказаў сабе:
«Клянуся богам, гэты маленькі жабрак размясціўся ў чужой кватэры і на чужым ложку з такой вольнай элегантнасцю, як быццам у сябе, у сваім доме, — хоць-бы сказаў: «дазвольце мне», або «зрабіце ласку, дазвольце». Па сваёй хворай фантазіі ён называе сябе прынцам Уэльскім і, праўду кажучы, вельмі добра ўвайшоў у сваю ролю. Беднае, адзінокае мышанё! Без сумнення, яго розум папсаваўся з-за таго, што яго сям’я абыходзілася з ім вельмі дрэнна. Але што-ж? Я буду яго другам, — я яго выратаваў, і гэта прывязала мяне да яго. Я ўжо паспеў палюбіць гэтага дзёрзкага на язык прайдзісвета. Як храбра ваяваў ён з гэтым цёмным народам, як задзёрыста глядзеў ім у вочы — нібы храбры салдат. І які ў яго мілавідны, прыемны і ціхамірны твар цяпер, калі ў сне ён забыў свае трывогі і няшчасці! Я буду вучыць яго, я яго вылечу; я буду для яго старэйшым братам, буду клапаціцца аб ім і берагчы яго; і хто ўздумае здзеквацца з яго ці крыўдзіць, няхай лепш загадзя заказвае сабе труну.
Ён схіліўся над хлопчыкам і доўга ласкава, з жалем глядзеў на яго, пяшчотна гладзячы яго юныя шчокі і адкідаючы з ілба сваёй вялікай загарэлай рукой яго зблытаныя кудзёркі.
Па целе хлопчыка прабеглі дрыжыкі.
«Ну, вось, — прамармытаў Гендон, — як гэта благародна з майго боку — пакінуць ляжаць яго тут непакрытым! Чаго добрага, прастудзіцца можа! Як жа-ж мне быць? Калі я вазьму яго на рукі і палажу пад коўдру, ён прачнецца, а яму-ж так патрэбен адпачынак».
Ён пашукаў вачыма што-небудзь, каб пакрыць спячага, але нічога не знайшоў. Тады ён зняў з сябе камзол і захутаў ім прынца:
«Я ўжо прывык і да сцюжы і да беднай адзежы. І холад і вільгаць для мяне нішто».
І ён зашагаў узад і ўперад па пакою, каб хоць як-небудзь сагрэцца, прадаўжаючы гутарыць сам з сабой:
«У яго пашкоджаным мазгу засела мысль, што ён прынц Уэльскі. Дзіўна будзе, калі ў нас астанецца прынц Уэльскі цяпер, калі той, хто быў сапраўды прынцам, цяпер ужо не прынц, а кароль… Але яго бедныя мазгі не могуць справіцца