Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

І вось разьбілася скрыпка. Але не загінулі ўспаміны аб „Музыцы“; на яго месца з асяродзішча народу зьявіліся другія, якія, як і ён, пачалі сваім граньнем прабуджаць народную сьвядомасьць.

Вось дзьве паралелі Багдановіча да поэмы "Сымон Музыка“. Па сюжэту ўсе тры творы досыць блізкія: ва ўсіх выпадках высока адараны поэта-артысты выходзіць з народу і народу аддае сваю таленавітасьць; нават бытавыя абставіны першага апавяданьня Багдановіча (пастушок-поэта, які ўцякае з бацькаўскага дому) блізкія да абставін поэмы Я. Коласа.

Я не хачу гэтым паказаць на магчымасьць якіх-небудзь перайманьняў ці ўплываў. Не, я адзначаю толькі цікавы факт некаторай блізкасьці сюжэтаў і падабенства ў актоўцы агульнай тэмы, — падабенства, якое тлумачыцца агульнымі ўмовамі эпохі і больш-менш блізкім, амаль аднальковым у абодвух поэтаў падыходам да пытаньня аб прыродзе поэтычнае таленавітасьці і яе задач.

Я. Колас у сваёй поэме, пачатай яшчэ ў 1911 годзе, разьвівае прыблізна той самы сюжэт. Хлопчык-пастушок, яшчэ ў дзіцячых гадох адчуўшы ў сабе поэтычны дар, ідзе з сваёю скрыпкаю з бацькаўскага дому, туляецца па розных мясцох-вандруе з старым жабраком, працуе ў карчме, служыць музыкам у замку багатага пана і г. д., але ва ўсіх станах ён захоўвае сваю тонкую, абаяльную прыроду артыстага і сваё высокае не-рамесьніцкае служэньне мастацтву. Гэты сюжэт разьвіты на фоне шматвобразных бытавых малюнкаў і малюнкаў прыроды, зарысаваных з звычайнай, уласьцівай Я. Коласу, мастацкай прастатою і разам з тым маляўнічасьцю і эмоцыянальнасьцю.

Але калі эпічна-спакойныя тыповыя зарысоўкі асоб, здарэньняў і малюнкаў прыроды і быту ў іншых творах Я. Коласа складаюць асноўную іх стыхію, то гэтага, мне здаецца, нельга сказаць пра поэму „Сымон Музыка", дзе суб'ектыўная стыхія выступае на першы плян, а об'ектыўная, тыповая, служыць для яе толькі агульным фонам.

Гэта суб'ектыўная стыхія ў даным творы і зводзіцца, галоўным чынам, да тых аўтарскіх паказаньняў аб прыродзе творчасьці наогул і свае паасобку, — паказаньняў, якія раскіданы па ўсёй поэме, асабліва ў тых яе мясцох, дзеецца гісторыя прабуджэньня, росту і росківіту поэтычнае таленавітасьці Сымонкі. Да гэтых паказаньняў мы цяпер і зьвернемся.

Адкуль, з якіх першапачатковых крыніц псыхікі выходзіць поэтычнае натхненьне Сымонкі? Гэтае пытаньне поэма вырашае на першых старонках свае поэмы. Аднэй з самых раньніх крыніц натхненьня зьяўляецца ўзьнятая, дзіцячая яшчэ, чульлівасьць і ўспрыймальнасьць. Гэтай дзіцячай успрыймальнасьці, дзіцячай ігры выабражэньня ён прысьвячае прачулыя радкі. Ён характарызуе хлопчыка—Сымонку, будучага глыбока музыку-мастака, наступнымі словамі: