Максім Багдановіч, 6 гадоў таму назад без пары пагасшы пад блакітным небам прыгожага, але далёкага Крыму, гэты малады і шмат абяцаўшы талент займае ў гісторыі беларускага пісьменства асобнае месца, якое перш ад усяго азначаецца яго пахаджэньнем і асаблівымі абставінамі яго жыцьця.
Песьняры Беларусі ў большай сваёй частцы паходзяць з клясы сялянскай альбо пролетарскай; наш поэта па свайму пахаджэньню належыць да паміжклясавай групы працоўнай інтэлігенцыі (бацька яго быў настаўнікам гімназіі). Далей большая частка поэта Беларусі набывала разьвіцьцё шляхам самаадукацыі; крыніцамі іх натхненьня служыла блізкасьць да народнай глебы; ад дотыку да гэтай глебы яны атрымоўвалі сваю моц і сілу. Жывучы на ўлоньні прыроды, першыя свае песьні яны складалі ў унісон з завываньнем глухога беларускага бору, укалыханыя ціхім шопатам родных ніў, зачараваныя сумнымі, хапляючымі за душу мэлёдыямі родных песьняў... Зусім інакш склаўся жыцьцёвы лёс М. Багдановіча. Ён атрымоўвае сыстэматычную адукацыю, набывае веду амаль што ўсіх эўропэйскіх моваў, грунтоўна знаёміцца з творамі корыфэяў сусьветнай літаратуры. У якасьці эпіграфаў да сваіх твораў наш поэта часта прыводзіць у орыгінале выпіскі з Дантэ, Hugo, Вэрлена, Гейнэ, Пушкіна, Брусава і інш. Гэтак шырок быў літаратурны кругавід М. Багдановіча.
Зусім іншыя, чым у большасьці беларускіх поэтаў, былі і надворныя ўмовы яго жыцьця. Лёс надта рана, яшчэ ў дзіцячыя гады, адрывае яго ад роднай глебы Горадзеншчыны і ставіць яго ў абстаноўку гарадзкога жыцьця. М. Багдановіч выхоўваецца спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, а потым у Яраслаўлі. Замест сталага, вякамі ўтворанага быту беларускай вёскі, з якой зьвязана муза большасьці беларускіх поэтаў, песьняра акружае пстрыкаты быт буйных гандлёвых цэнтраў Паволжжа; замест аднастайных уражаньняў вясковага жыцьця, ён з маленства ўспрыймае, праймаецца ўражаньнямі кіпучага жыцьця гораду з яго нэрвовасьцю, шматкалёрнасьцю, рухавасьцю... У вёсцы, дзе выхоўваліся Янка Купала, Якуб Колас і іншыя песьняры Беларусі, жыцьцё цячэ павольна, адліўшыся ў пэўныя формы, закасьцянеўшы ў рамках традыцыі вякамі складаўшагася быту. Як на паверхні соннага ляснога возера ледзь заметны хвалі гэтага жыцьця, ад усяго тут вее супакоем і цішшу, усё нахіляе тут да ціхай задуманасьці, разважанасьці. Атмосфэра места зусім іншая. З кінематографічнай хуткасьцю тут адны праявы зьмяняюцца другімі, бурляць і пеняцца тут хвалі жыцьця, душа не пасьпявае тут перарабляць усіх надворных уражаньняў, яны коўзаюцца на яе паверхні, адны ўступаючы месца дру-