Старонка:Піотуховіч Багдановіч.pdf/3

Гэта старонка не была вычытаная

Гэты прыём фіксаваць мімалётныя ўражаньні мясцовага жыцьця нагадвае ўсім вядомую манеру Бадлера, Верхарна і інш.

Але ня толькі як апісальнік гарадзкога жыцьця М. Багдановіч выступае прад намі ў якасьці поэты імпрэсыяністы. Гэта манера творчасьці ў яго зьяўляецца пануючай, яна вытрымана ў яго амаль што ўсюды.

Калі наш поэта кідае свой погляд на гістарычнае мінулае айчыны, то ён ніколі не дае нам шырокіх малюнкаў гэтага мінулага. Мы ня знойдзем у яго ніводнага твору, які-бы хоць здалёку напамінаў нам Купалаўскае "Над Нёмнам", дзе дадзена шырокая панорама гістарычнай беларускай прошласьці, ахопленай з многіх бакоў. М. Багдановіч і ў гэтай вобласьці застаецца пэўным сабе. У яго абрысоўцы малюнак мінулага Беларусі разьбіваецца на цэлы шэраг асобных дробных кавалачкаў, ён дае нам асобныя мініятуры, узятыя з гэтай прошласьці.

Вось, напрыклад, наш поэта рысуе нам вобраз летапісца-чарняца, які, зачыніўшыся ў манастырскіх мурох, другі год ужо працуе над складаньнем летапісу. Адзіная мэта яго жыцьця-перадаць патомкам праз паперу аб роднай зямлі.

Што тут чынілася у даўныя гады.
Што думалі, чаго бажалі мы тады,
За што змагаліся...

Думкі а значэньні летапісаў для патомкаў разгарняюцца тут у суб'ектыўны сымболічны вобраз: летапіс падобна той вестцы, якую ўтапаючыя ў моры людзі шлюць аб сабе ў лісьце, апушчаным у бутэльку. І вось —

Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць,
І, як трапляецца, быць мо' у ёй знайдуць
Ліста...
І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх,
Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі[1].

Трэба сказаць, гэты сымболь напамінае нам аналёгічны вобраз францускага романтыка Альфрэда дэ-Віньі, які ў творы "La bouteіlle à la mer" разьвівае параўнаньне чалавечай думкі з бутэлькай, кінутай у мора.

У тым-жа аддзеле вершаў пад назвай "Старая Беларусь" поэта даў і іншыя беглыя накіды мінулага Беларусі. Вось прад намі абрысоўваецца фігура перапішчыка, які ноч і дзень заняты сваёй працай.

"На чыстым аркушы прад вузенькім вакном
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь - даволі ёсьць знароўкі -
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, і
Загалоўкі ўсё-няма куды сьпяшыць![2].

Перапішчык-мастак надта захоплен процэсам сваёй працы; ён не заўважвае нічога, што робіцца навакол яго, ён не прымячае, што з увасходам сонца ўся прырода ажывае:

  1. Іbіdem, стр. 42.
  2. Іbіdem 43.