..."Сьветла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца
І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл.
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,
Малінаўка пяе і стукае жаўна.
І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць,
Ужо хутка будзе ноч і першая зьвязда
Благаславіць канец прыгожага труда"[1].
Вобразы летапісца і перапішчыка зьмяняюцца вабразам слуцкіх ткальляў... Яны адарваны ад родных ніў, ад роднай хаты і ўзяты на панскі двор, дзе пад прымусам займаюцца тканьнем паясоў на пэрсідзкі лад. За цяжкай аднастайнай працай ўспамінаецца ім родная абстаноўка. У іх памяці ўсплывае радзімая ніва, хвалі срэбранай рэчкі, цямнеючы бор. Успаміны ўзварушваюць душу паднявольных працоўніц, і поэта схапляе самы жаласны і драматычны момант, калі ў іх
"Тчэ, забыўшыся, рука.
Замест пэрсідзкага узору,
Цьвяток радзімы васілька"[2].
Беларускі пясьняр, такім чынам, выяўляе здольнасьць інтуіцыйна схапіць і мастацка прадставіць нам унутраны бок людзей прошлага: яму даступны перажываньні старажытнага летапісца і перапішчыка, ён умее заглянуць у душу невядомых слуцкіх ткальляў і ў гэтай душы заўважыць бесьсьвядомыя смутак і журбу па роднаму і далёкаму.
Як апісальнік прыроды, М. Багдановіч гэтак сама не дае нам шырокіх пэйзажаў; ён зарысоўвае толькі асобныя штрыхі і галоўным чынам іх суб'ектыўнае праламленьне ў уласнай душы.
Поэта падслухоўвае гул тонкаствольных соснаў у лесе, яму здаецца, што "гэта сумны маркотны Лясун пачынае няголасна граць",і пясьняр сьпяшыцца ў пекным вершы падзяліцца з намі сваім уражаньнем[3]... Адзінокае возера, якое калісь то акружаў глухі бор, наводзіць поэту на думку, што гэта сьлед лясуна, які зьнік разам з зьніштажэньнем бору, але пакінуў сваё люстэрка-возера, хаваючае ў сваёй глыбіні ўсё, што згінула даўно[4].
Сонная рэчка, на беразе якой над вадой "ціха сьпіць асока, ды лаза зялёная жаліцца, шуміць", сваёй цішынёй навявае ўражаньне, быццам тут на дне між цінай сьпіць вадзянік — і зноў усяго ў дзьвюх страфах поэта адбівае сваё суб'ектыўнае ўспрыйманьне.
Гэтак з кінематографічнай хуткасьцю ў поэты адны ўражаньні прыроды зьмяняюцца другімі і, пратварыўшыся ў суб'ектыўныя яго адчуваньні, ствараюць ілюзію, што мы сапраўды знаходзімся ў зачарованым царстве. Апраўдваецца назва, якую поэта дае нізцы вершаў, пасьвячоных беларускай прыродзе.