Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

Старадаўняе беларускае пісьменства у сваім разьвіцьці ўтварае рэзкую крывую лінію.

У XIV і XV сталецьцях мы бачым зараджэньне беларускага пісьменства, першыя ўсходы яго; у XVI сталецьці гэтае пісьменства дасягае ў сваім разьвіцьці кульмінацыйнага пункту і, урэшце, у XVII і XVIII ста­лецьцях назіраецца паступовы спад літаратурнае хвалі.

На самым высокім грэбні гэтае паступова ўзра­стаўшае і спадаўшае літаратурнае хвалі ў XVI ста­лецьці ўздымаецца магутная постаць Францішка Скарыны, які мае найвялікшае значэньне як культурна-нацыянальны і літаратурны дзе­ яч старажытнае Беларусі.

Але, ня гледзячы на гэткую цэнтральную ролю Скарыны ў бела­рускай культуры, яго жыцьцё, асоба і нават самая літаратурная дзей­насьць высьветлены далёка ня грунтоўна. Яшчэ ў 1879 годзе адзін дробны дасьледчык выказаў думку, што асоба Скарыны засталася загадковаю і няяснаю[1]. З таго часу прайшло блізка што поўсталецьця, але, ня гледзячы на цэлы рад прац, прысьвечаных Скарыне, цемень, які агарнае сабой яго асобу, расьсеяўся не цалком: і зараз, вывучаючы жыцьцё і творчасьць славутнага беларускага дзеяча, дасьледчык на кожным кроку спатыкаецца з пытаньнямі спрэчнымі і загадковым; і зараз вывучэньне Скарыны стаўляе больш проблем і запытаньняў, чымся дае сталых і пэўных дасягненьняў. Ужо самая дата нараджэньня Францішка Скарыны не ўстаноўлена з дакладнасьцю. З некаторай блізкасьцю да праўды можна аднесьці яе да апошняй чвэрці XV сталецьця (каля 1490). Калі прыпусьціць, што ў 1504 годзе Скарына па­ступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт, то, паводле правіл унівэрсытэту, ён павінен быў у гэты час мець ня меней, як 14 год; у 1517 годзе, калі ён выдаў сваю першую кніжку ў Празе, яму, значыцца, было ня

  1. Правда. Місячнік для словесности, науки и політыки. Рочнік XII. Львоў, 1870.