Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

колькі офіцыяльныя заняткі ў ім не адбываліся на працягу часу з 1509 да 1517 году.

Падкрэсьліваем, што гэта толькі нашы прыпушчэньні, але прыпушчэньні, якія маюць некаторую верагоднасьць на падставе вышэйпамянёных вестак з гісторыі Падуанскага Унівэрсытэту. Бясспрэчным застаецца толькі адзін факт—факт атрыманьня славутным беларусам навуковае ступені доктара мэдыцыны ў Падуанскім Унівэрсытэце.

Ступень доктара была вышэйшая ад усіх акадэмічных ступеняй. Папярэднімі былі ступені бакаляўры і ліцэнцыятага. Нельга з пэўнасьцю зазначыць эпоху, калі вынікнуў гэты звычай доктарату. Вучоныя, па словах Cоррі, зрабілі многа досьледаў у гэтым кірунку, але ня здолелі давесьці пахаджэньне гэтае ступені і час яе першага дапасаваньня [1].

Дактары падзяляліся на розныя спэцыяльнасьці. Мікола Боэры, ідучы сьледам за агульным паглядам, на першым месцы ставіць тэолёгаў, на другім праўнікаў, на трэцім—мэдыкаў і на чацьвёртым— філёзофаў і профэсароў мастацтва [2].

Кандыдат на доктарскую ступень павінен быў здавальняць пэўным патрабаваньням. Ён павінен быў мець век ня менш 17-ці год, быць лепшым па сваёй абычайнасьці, вытрымаць экзамен і атрымаць надворныя знакі ступені (le insegne del grado), мець шэсьць дактароў на экзамене, якія пасьведчылі-б законнае пахаджэньне і тоесамасьць асобы.

Кандыдат, які хацеў трымаць экзамен на навуковую ступень, павінен быў давесьці, што ён быў слухачом унівэрсытэту ў працягу ліку гадоў, які азначаўся ў мясцовых статутах. У Падуі, напрыклад, кандыдат, каб атрымаць доктарскую ступень цывілістак, павінен быў займацца вывучэньнем рымскага права ў працягу шасьці год. Тры альбо чатыры гады заняткаў правам канонічным лічыліся за два альбо тры гады заняткаў правам рымскім.

Цэрэмонія ўзьвядзеньня ў ступень доктара была вельмі ўрачыстая. У прызначаны дзень кандыдат накіроўваўся ў вялікшую царкву гораду, куды прыносіліся ўсе выбарчыя знакі, і дзе чакалі яго біскуп, рэктар, дактары і прадстаўнікі гарадзкога самакіраўніцтва. Выпыты адбываліся публічна ў урачыстай абстаноўцы. Доктарская ступень давала шмат пераваг. Дактары насілі асобную тогу, аздобленую золатам, мелі права быць прысутнымі на сходах ураду і прымаць удзел у кіраваньні. Апроч таго, яны не маглі быць пасаджаны ў астрог за грамадзянскія даўгі, падлягалі асобнаму суду і г. д.

Доктарская ступень, такім чынам, дасталася Скарыце з значным напружаньнем сіл і давала яму вялікія перавагі. Гэтым, можа, тлумачыцца той факт, што беларускі дзеяч, кажучы аб сабе, амаль што кожны раз дадае і сваю навуковую годнасьць: „Францишекъ Скорина в лекарскихъ наукахъ докторъ"—так звычайна азначае сваю асобу наш дзеяч. У гэтым азначэньні ім як-бы выяўляецца запраўднае ўсьведамленьне свае вартасьці.

Пэрыод з 1512 па 1517 год зьяўляецца надзвычайна цёмным у жыцьці Францішка Скарыны. Мы ня ведаем, дзе ён жыў і што рабіў у гэты час.

У 1517 годзе Францішак Скарына пачынае сваю друкарскую дзейнасьць ў Празе Чэскай. Некаторыя дасьледчыкі (Штрытэр, Шлецэр, Грэч. мітр. Аўген) выказвалі думку, што пад Прагай тут трэба разу-

  1. Op. cit., 188
  2. Ibid., 197