Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

мець Прагу Варшаўскую. Даброўскі першы выступіў з абвяржэньнем гэтае думкі: ён справядліва адзначыў, што Скарына ня мог празываць. Прагу Варшаўскую, невялічкае ў XVI сталецьці мястэчка, „слаўным, вялікім і старым местам". Гэтыя эпітэты ў той час маглі быць дапасаваны толькі да Прагі Чэскай. Чыннасьць беларускага дзеяча ў памянёным горадзе цягнулася прыблізна два гады: мы маем кніжкі, якія надрукаваны ў Празе і датаваны 1517 і 1519 гадамі. У 1525 годзе мы знаходзім Скарыну ў Вільні, дзе ён выдаў у гэты час „Апостал".

Пасьля 1525 году пачынаецца асабліва цёмны і заблытаны пэрыод у жыцьці Скарыны. Дакладных вестак аб гэтым пэрыодзе ў нас няма. Ведама толькі, што брат Скарыны меў судовую справу з-за доўгу ў 22 капы грошай; Скарына меў з сваім братам непадзельную маёмасьць; з гэтае прычыны заблытаныя справы Івана Скарыны адбіліся і на палажэньні нашага дзеяча. Апроч таго, і сам Францішак Скарына ўцягнуўся ў судовыя спрэчкі з раднёй жонкі з-за маёмасьці ў Вільні. Судзьдзі, відаць, ня мала няпрыемнасьцяй зрабілі славутнаму дзеячу. Ён зварачаецца з скаргай на ўціск судзьдзяў да самога караля. Асобнай граматай, выдадзенай у 1532 годзе, кароль звольніў Скарыну ад судовае цяганіны. У гэтай грамаце, паміж іншым, успамінаецца аб тым, што ўся маёмасьць Скарыны была сконфіскавана за даўгі, што ён прыцягваўся да выкананьня розных абавязкаў і пацярпеў шмат няпрыемнасьцяй ад уціску судзьдзяў і судовае цяганіны [1].

30-я гады XVI сталецьця, можна сказаць, самы цёмны пэрыод у жыцьці Францішка Скарыны. Некаторае сьвятло ў гэтую цемру праліваюць докумэнты Кёнігсбэрскага архіву, апублікаваныя Мілавідавым [2]. Гэтыя докумэнты ў лацінскай мове належаць першаму каралю прускаму Альбрэхту і маюць блізкае дачыненьне да нашага дзеяча.

Першы докумэнт, датаваны 16 мая 1530 году, уяўляе сабой пасланьне караля да віленскага ваяводы Гаштольда; у ім Альбрэхт паведамляе, што Скарына перасяліўся ў Кёнігсбэрг (commigrativ nostrae ditioni), але-ж розныя прыватныя справы, жонка і дзеці, пакінутыя ў Вільні, прымушаюць яго зноў вярнуцца сюды. З гэтае прычыны кароль просіць ваяводу дапамагчы Скарыне ў яго справах [3].

Другі докумэнт, які мае тую-ж дату (16 мая 1530 году) ёсьць прапускны ліст, альбо пашпарт для бесьперашкоднага праезду Скарыны: Atque in hac sua oeregrinatione tuto secure, libere et sine omni impedimento per terras, ditiones, districtus ac dominia vestra peragrare atque iter facere concedatis. (Каб было дазволена яму час падарожы яго зусім без апаскі, свабодна і бесьперашкодна праяжджаць і рабіць свой шлях праз землі, акругі, паветы і гаспадарствы вашы).

Трэці докумэнт — ліст караля Альбрэхта ад 18 мая 1530 году да Віленскага Сэнату. Кароль, адпускаючы Скарыну назад у Вільню па сямейных абставінах, просіць Сэнат быць справядлівым у вадносінах да яго і зьвярнуць яму сконфіскаваную ў яго маёмасьць: Et si quid ipso absente illi bonorum injuria aliquia ademptum benigne restituatur atque ipsum ejusque uxorem, liberos et cim corporis, tam caetera bona tueri, jure ac ab omni injuria vindicare. (І калі што-небудзь у яго адсутнасьць, па якой-небудзь несправядлівасьці было аднята ў яго, хай будзе яму зьвернута, і каб ён сам, жонка, дзеці, маёмасьць яго былі дагледжаны і па праву абаронены ад усялякай несправядлівасьці).

  1. Владимиров. op. cit., стар. 66 і 67
  2. Известия Отд. Р. Яз. н. Слов. Р..Ак. Н. 1917, кн. 2. 221-226.
  3. Да рэчы сказаць, Мілавідаў, зазначаючы, што ў першым докумэнце кароль просіць аб водпуску Скарыны, няправільна перадае сэнс лісту: відаць, ён мала ўчытаўся ў докумэнт