Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

У чацьвёртым докумэнце ад 26 мая таго-ж году кароль Альбрэхт ужо выступае ня ў ролі абаронцы Скарыны, а ў ролі яго абвінавайцы; у гэтым докумэнце, адрасаваным да ваяводы Гаштольда, зьмяшчаецца скарга на Скарыну за тое, што ён таемна ўвёў з сабой з Кёнігсбэргу аднаго яўрэя, які быў пры двары доктарам і адначасна друкаром, і што гэтым Скарына зрабіў вялікую шкоду каралю. Надзвычайна цікава, што ў гэтым докумэнце значна зьмяняюцца адносіны Альбрэхта да беларускага дзеяча. У першых трох докумэнтах да Скарыны дапасоўваюцца самыя пахвальныя эпітэты; ён адзначаецца, як выдатны, вельмі вучоны доктар прыгожых мастацтваў і мэдыцыны: „ Nos egregium et multijugiae eruditionis virum, Franciscum Scorinam de Polotzko, Arcium bonarum atque medicinae Doctorem in subditorum et servitorum nostro• rum fidelium numerurn adscivisse et suscepisse”. (Выдатнага і многавучонага мужа, Францішка Скарыну з Полацка, доктара прыгожых мастацтваў і мэдыцыны, мы прынялі ў лік нашых падданых і верных нашых слуг [1]). Наадварот, у чацьвёртым докумэнце, які зьмяшчае ў сабе скаргу на беларускага дзеяча, ён празываецца проста: „doctor aliquis Franciscus Scorina"—тут ужо замест ўсхваленьня заўважваецца водцень пагарды і зьнявагі; Скарына пераварачаецца з выдатнага вучонага Скарыны ў „нейкага" доктара.

Прыведзеныя Мілавідавым докумэнты надзвычайна характэрны. Яны праліваюць сьвятло на самы цёмны пэрыод у жыцьці Скарыны, сьведчаць аб яго зносінах з Заходняй Эўропай, аб протэктарстве яму з боку прускага караля і інш. Асабліва цікавым зьяўляецца факт патаемнага ўводу Скарынай друкара з Кёнігсбэргу; вынікае пытаньне, чаму нашаму дзеячу патрэбны быў гэты друкар. Можна прыпусьціць, што Скарына прадоўжваў альбо меў замер прадоўжыць сваю выдавецкую чыннасьць і пасьля 1525 году, г. ё. пасьля выданьня ім у Вільні „Апостала".

Год выхаду ў сьвет „Малое Падарожнае Кніжыцы" дакладна не ўстаноўлены. У вядомых нам паасобніках гэтага выданьня не хапае апошняе часткі пасхаліі, у канцы якой, бясспрэчна, азначаны быў час выданьня. Уладзімераў прыпушчае, што ўсё-ж ткі „Апостал" 1525 году зьявіўся раней за „Падарожную Кніжыцу", пастолькі ён уяўляў сабой працяг папярэдняе працы Скарыны па перакладзе бібліі, а „Падарожная Кніжыца" цалком была новай працай [2].

Прымаючы пад увагу, што ў 1530 годзе як сьведчаць докумэнты, апублікаваныя Мілавідавым, Скарыне быў патрэбен друкар, можна дапусьціць асьцярожную дагадку, што гэтая патрэба выклікалася, магчыма, патрэбай надрукаваць „Малую Падарожную Кніжыцу". Такім чынам, можна больш пэўна ўстанавіць дату выхаду ў сьвет гэтага выданьня.

Докумэнты, апублікаваныя Мілавідавым, зьяўляюцца адзінай крыніцай нашых скудных вестак аб жыцьці Францішка Скарыны ў другой чвэрці XVI сталецьця. Больш грунтоўных і паважных біографічных фактаў з гэтае пары ў нас няма. Нельга нават з дакладнасьцю ўстанавіць дату сьмерці беларускага дзеяча. Можна толькі да пэўнай ступені правільна сказаць, што ў 1535 годзе ён быў яшчэ жывы і знаходзіўся ў Вільні: прынамсі ў сувязі з справамі яго брата, якія разьбіраліся ў Полацку, успамінаецца і доктар Францішак Скарына, але мы ня маем ніякіх вестак аб сьмерці яго ў гэты час.

  1. Ibidem., стар. 224
  2. Op. cit., 173