Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

Прыступаючы зараз да агляду літаратурнае дзейнасьці Францішка Скарыны, трэба, папершае, заўважыць, што адносна гэтага з часу выхаду працы Уладзімерава не зьявілася аніякіх новых матар'ялаў і досьледаў; у гэтых адносінах нават біографія пісьменьніка знаходзіцца ў лепшым становішчы: пры ўсёй беднасьці крыніц мы ўсе-ж ткі маем у гэтай галіне некаторыя новыя матар'ялы, апублікаваныя Шляпкіным, Мілавідавым і інш. Адносна-ж літаратурнае дзейнасьці Скарыны, з прычыны адсутнасьці новых крыніц, застаюцца ў сіле тыя палажэньні, якія выставіў Уладзімераў.

Ня маючы магчымасьці зрабіць самастойныя адшуканьні новага фактычнага матар‘ялу адносна літаратурнае дзейнасьці Скарыны [1], і ня лічачы патрэбным падрабязна пераказваць досьледы Уладзімерава, мы абмяжуемся тым толькі, што спачатку каротка прыпомнім галоўныя вывады, да якіх прышоў у гэтым пытаньні Уладзімераў, і потым спрабуем пад гэтыя вывады падвесьці цьвёрды соцыолёгічны і гісторыка-культурны базіс, якога няма ў зазначанага дасьледчыка.

Сваю літаратурную дзейнасьць Францішак Скарына распачаў у Празе Чэскай. Гэта было найбольш падыходнае месца для яго дзейнасьці. У родным Полацку зусім ня было тады спагадных для друкарскай працы ўмоў; у Кракаве друкаваньне царкоўна-славянскіх кніжок, з рэлігійных прычын, спынілася ў 1491 годзе, не пасьпеўшы там закрасаваць і даць значныя вынікі. Прага Чэская давала тым больш спагадныя ўмовы для друкарскай дзейнасьці, што тут моцна адчувалася сувязь з друкарамі нямецкіх гарадоў, асабліва Нюрэнбэргу і Аугсбургу і з друкарамі Італіі, асабліва Вэнэцыі.

У Празе Чэскай Скарына разьвінуў энэргічную і напружаную дзейнасьць. Гэтая дзейнасьць ахапляе сабой пэрыод часу каля двох гадоў.

У 1517 годзе Скарына выдае кніжкі: Псалтыр, Іова, Прыповесьці, Сіраха; у 1518 годзе – Эклезіяст, Песьня песень, Прамудрасьць Саламона, Кнігі Царстваў, Ісуса Навіна; у 1519 —Юдыта, Судзьдзяў, пяць кніжок Майсея, Руфь, Эстэр, Плач Ераміі, Прарока Данілы.

Гэткім чынам, у 1517 годзе выдадзена чатыры кніжкі ў 222 аркушы; у 1518 годзе – восем кніжок у 348 аркушоў; у 1519—дзесяць кніжок у 524 аркушы. Гэта значыць у першы год выдавалася ім каля 40 аркушоў у месяц, у другі год каля 30 і ў трэці—каля 43 [2].

Удзел самога Скарыны ў выдавецкай справе зазначаецца ім розна. Мы знаходзім у вадных мясцох выразы: кніга выдадзена „повелѣніемъ Скарыны", а ў другіх—„працею и выкладомъ" Скарыны. Адносна кніжкі Эстэр наш дзеяч кажа ў яе пасьляслоўі „выложена працею и вытеснена повелѣніемъ Скорины”; у пасьляслоўях да сваіх першых трох выданьняў, гэта ёсьць, — да псалтыру, да кніжкі Іова і прыповесьцяй Саламона, Скарына кажа: „Казалъ есми тиснути”. Гэтыя выразы, пэўна, сьведчаць аб тым, што сам Скарына ня быў друкаром [3];

  1. Акад. Карскі ў вуснай гутарцы з намі ўказваў нам, што ў Варшаве ў Бібліотэцы Красінскіх знаходзіцца новы матар’ял – пераклад кнігі Товіт, які, з значнай ступеньню верагоднасьці, можна прыпісваць Скарыне, але мы з об’ектыўных умоў не маглі скарыстаць гэты цікавы матар’ял.
  2. Владимиров, op. cit., стар. 66
  3. Акад. Карскі, будучы ўлетку 1924 году ў Празе, паведаміў нас, што ў архівах Праскага магістрату акадэмік Францаў наводзіў старанныя спраўкі аб друкарні Скарыны і ніякіх сльядоў яе і рэгістрацыі Скарынавых выданьняў там ня знойдзена. Факт вельмі загадачны. Відаць, дрыкарня Скарыны і яго выданьні не рэгістраваліся офіцыяльна. Магчыма пабудаваць асьцярожныя прыпушчаньні, што выданьні Скарыны, як праваслаўныя, друкаваліся ў Празе, тагочасным цэнтры каталіцтва, нелегальна, патаемным шляхам. За прыведзеную вельмі цікавую спраўку прыношу акадэміку Карскаму сваю шчырую падзяку.