Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

ён толькі даваў загады, кіраваў друкарскай працай. Відаць, у Празе ён пераважна аддаваўся літаратурнай дзейнасьці: займаўся перакладамі, укладаньнем прадмоў і інш.; відаць, ён цалком падрыхтоўваў рукапісны тэкст, з якога друкавалі; прынамсі ў друкаваных прадмовах заўжды захоўваюцца выразы яго рукапіснага тэксту (написаны, написал); магчыма прыпусьціць, што корэкту рабіў сам выдавец.

Надзвычайна важным зьяўляецца пытаньне аб крыніцах, якія пакладзены былі Скарынай у васнову яго выданьняў.

„Псалтыр" 1517 году, першая кніжка, якая была выдадзена ў Празе, складаецца з трох частак: „предъсловія въ псалтирь", тэкста псальмоў, якіх зьмешчана тут 151 (150 асноўных і адзін дадатковы) і 10 абраных песень. У васнову прадмовы да псалтыру пакладзена пакарочаная „бесѣда Василия Великаго на первую часть перваго псалма", але гэтая „бесѣда" значна пераапрацавана: з яе ўзяты агульныя думкі і некаторыя выразы, але запазычаны матар'ял дададзены і самастойным. У гэтых уласных дадатках мы, папершае, знаходзім паказаньні на тое, якое назначэньне даваў Скарына псалтыру; „детемъ малымъ початок всякое доброе науки"—гэтак выдаўца азначае карысьць псалтыру. Апроч таго, Скарына знаёміць нас і з спосабам свайго выданьня. Ён заўважвае: „положилъ есми на боцехъ некаторыи слова для людей простых руским языком што которое слово знаменуеть".

Разглядаючы псалтыр, як падручнік славянскае граматы і друкуючы яго ў славянскай мове, адначасна наш дзеяч, гэткім чынам, не забываецца на мэты перакладчыка: ён хоча наблізіць псалтыр, як і наагул усю біблію, да разуменьня простага люду. Побач з тлумачэньнямі незразумелых слявянскіх слоў „на боцехъ" Скарына ўнёс у свой „Псалтыр" і некаторы навукова-тлумачальны апарат. Паводле ўзору лацінскіх зборнікаў, гэтак званых Concordantiae Sacrorum scriptorum, ён дае ў сваім „Псалтыру" паказаньні на роўналежныя месцы ў іншых кніжках бібліі, зазначаючы „на стороницахъ всей псалътыры главъ з розных книгъ. А то для того абы знакомито было иже все иные светые писма згожаються съ псалтырею и одно на другое светчить". Да гэтых указаньняў на роўналежныя месцы Скарына дадае яшчэ і падзел псальмоў на „стихи", які вызначаецца вялікімі пунктамі і адступленьнямі ад заключных слоў кожнага папярэдняга „стиха".

Ня цяжка заўважыць, што для свайго выданьня псалтыру Францішак Скарына карыстаў з славянскіх і чужаземных крыніц. Царкоўна-славянскія крыніцы пакладзены ім у васнову самага тэксту, гэта— так званыя рускія сьпісы XV і XVI сталецьцяў. Іншыя крыніцы псалтыру „выныхъ языцехъ" скарыстаны часткай у вадносінах тэксту, часткай у вадносінах дадаткаў да яго. Так, хаця-ж пануе царкоўна­ славянская стыхія, на тэксьце праскага „Псалтыру" 1517 году ў некаторых мясцох адбіваюцца асаблівасьці чэскага тэксту; падзел псальмоў на „стихи", падобны таму, які зрабіў Скарына, мы сустракаем у Цэтыньскім выданьні „Псалтыру" 1495 году, у вэнэцыйскіх выданьнях Божыдара Вуковіча і ў некаторых іншых.

Большую самастойнасьць у вадносінах да перакладу ўяўляе сабой „Бівлиіа руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною изславнаго града Полоцька богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению". У той час, як у „Псалтыру" 1517 году царкоўна-славянскі тэкст захаваны без парушэньня і толькі на палёх дадзены тлумачэньні мала зразумелых слоў, іншыя кнігі старога закону Скарына „вылажыл на рускі язык", інакш кажучы—пераклаў на тагочасную беларускую мову [1].

  1. Янчук. Ор. сіt., стар. 10.