Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

Для свайго выданьня ў адносінах самага біблійнага тэксту Францішак Скарына скарыстаў дзьве галоўныя крыніцы: чэскую „Біблію" 1506 году і царкоўна-славянскія тэксты некаторых кніжок старога закону. Аб беспасрэдных адносінах усяго перакладу Скарыны да чэскае „Бібліі" 1506 году сьведчыць, папершае, падабенства некаторых вонкавых асаблівасьцяй (contynnaczij, concordancii) і асобныя надпісы, якія падзяляюць кніжкі „Песьня песень", і „Плач Ераміі'. Але галоўным довадам, на падставе якога Ўладзімераў збліжае пераклад Скарыны з чэскай „Бібліяй" 1506, году ёсьць асаблівасьці мовы: з чэскага тэксту Скарына запазычае ня толькі паасобныя словы, асабліва сходныя ў корані і значэньні з беларускімі, але і цэлыя звароты мовы.

Што датычыць другое крыніцы, з якое скарыстаў Скарына, — царкоўнаславянскіх тэкстаў — то Ўладзімераў устанаўляе, што ў перакладчыка знаходзіліся ўсе царкоўна-славянскія кніжкі сьвятога пісьма, апроч чатырох: „Прамудрасьць Саламона”, „Юдыта", „Эстэр" і „Песьня песень”. Царкоўна-славянскія тэксты некаторых кніжок старога закону і Парэміі, напрыклад—у выданьнях Фіоля, Скарына выкарыстоўваў, папершае, як слоўнікавы матар'ял; з гэтых тэкстаў наш дзеяч асабліва браў спэцыяльныя тэрміны, як, напрыклад, звароты ў малітвах і розныя царкоўна-славянскія назовы. Але часам Скарына выпісваў з царкоўнаславянскіх тэкстаў і цэлыя разьдзелы, уносячы ў іх толькі паасобныя беларускія словы, як напрыклад: першыя 10 разьдзелаў кніжкі „Бытія”, XXII разьдзел другое кнігі „Царстваў" (песьня Давыда) і інш.

З прычыны скарыстаньня дзьвюх галоўных крыніц (чэскае і царкоўна- славянскае) пераклад Скарыны носіць досыць стракаты характар: у ім няма адзінства і зграбнасьці сыстэмы. Апроч таго, другім недахватам яго зьяўляецца брак крытычнага падыходу да крыніц.

Але Францішак Скарына ня толькі перакладчык: ён уносіць у “Біблію руску” і больш самастойную частку свае працы, якая выявілася асабліва ў яго „прадмовах".

Гэтыя прадмовы маюць досыць рознастайны характар. У іх указваецца значэньне тэй ці іншай кніжкі, прычым часам у гэтых адносінах тэкст апостала альбо эвангельля і далейшая развага ёсць раскрыцьцё сэнсу гэтага тэксту; такі пераважна моральна-навучальны характар маюць прадмовы да першых трох выданьняў Скарыны (Псалтыр, кніга іова, Прыповесьці Салямонавы).

У іншых мясцох даецца экзэгетычны матар'ял: падрабязна зазначаецца „духоўны" сэнс кніжкі (прадмова да „Песьні песень” і да кнігі Ісуса Навіна); побач з гэтым асноўным моральна-навучальным і тлумачальным зьместам у „прадмовах” Скарыны часам даюцца спраўкі гістарычныя, географічныя і інш. Напрыклад, у прадмове да кніжкі Ісуса сына Сірахава гаворыцца аб цару Птолёмэі і закліканых ім тлумачох, у прадмове да „Юдыты” апавядаецца аб царствах Асірскім, Мецкім і Пэрскім і г.д. гаворачы аб тым, як Навін „оучинилъ изъ земли Ханаани землю Іюдею”. Скарына дае кароткае географічнае апісаньне зямлі абяцанай; у прадмове да кніжкі „Второзаконие” зьмяшчаюцца разважаньні Скарыны аб розных формах праў і законаў.

Галоўнымі падсобнікамі для ўкладаньня гэтых прадмоў служылі Скарыне тлумачэньні Гароніма і комэнтарыі Міколы Лірана, але побач з запазычанымі элемэнтамі мы знаходзім тут і самастойныя: "прадмовы" Скарыны носяць на сябе яскравы адбітак іх аўтара, яны найбольш поўна, як мы ўбачым ніжэй, адбіваюць моральную постаць славутага дзеяча.