Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/19

Гэта старонка была вычытаная

і ўплывы іншых рэдакцый. З боку характару сваіх крыніц „Апостал" 1525 году вельмі падобны да праскага „Псалтыру" 1517 году—у васнову абодвых выданьняў пакладзены царкоўнаславянскія тэксты, паводле сьпісаў XV і XVI сталецьцяў.

Як і ў папярэдніх сваіх выданьнях, Скарына і паасобным часткам „Апостала" прадпасылае свае прадмовы, якія ён празывае „сказаниями". Гэтыя прадмовы, мабыць, укладзены на грунце царкоўнаславянскага тэксту і потым дапоўнены паводле розных лацінскіх комэнтарыяў.

Сам Скарына сваё выданьне празывае „выкладам"; ён, такім чынам, блізка далучае „Апостал" 1525 году да „книгъ бібліі — выложеныхъ”. Пераклад гэты вызначаецца тымі-ж мэтодамі, што і папярэднія выданьні: заўважваецца адсутнасьць сыстэмы і крытыкі тэксту; выразна выяўлена імкненьне даць незразумелыя словы пабеларуску. У той час як царкоўнаславянскія тэксты апосталу, пачынаючы з самых старадаўніх і канчаючы пазьнейшымі, захоўваюць шмат грэцкіх слоў, у выданьні Скарыны ўсе яны перакладзены, прычым замены, якія зрабіў Скарына, вельмі часта супадаюць з чэскай „Бібліяй" 1506 году без усялякіх адносін да Вульгаты.

У Вільні ў час, блізкі да часу выданьня „Апостала", Францішак Скарына выдаў яшчэ „Малую Падарожную Кніжыцу", якая складаецца з пяці частак: „Псалтыр зуполная, Часословець, Акафісты и Каноны Шестодневець краткий, Светьци праткие и Поскалия на многа лѣта“.

Выданьне Скарыны належыць да тыпу так званых псалтыраў з пасьледаваньнем; падобныя псалтыры былі надзвычайна пашыраны ў XV і XVI сталецьцях і вельмі часта ўяўлялі сабой збор самых рознастайных матар’ялаў, пачынаючы ад царкоўнага набажэнства і канчаючы рознымі забабонамі, гаспадарчымі і мэдычнымі нататкамі.

Да Скарыны псалтыр з пасьледаваньнем выдаваўся тры разы; першае выданьне было зроблена ў Кракаве (1491), другое у Цэтыньі (1495) трэцяе вэнэцыйскае – Божыдара Вуковіча (1520).

Псалтыр, які ўваходзіць у склад „Малое Падарожнае Кніжыцы" надзвычайна блізкі да праскага выданьня 1517 году; тут няма тлумачэньняў слоў на палёх (”Главы на боцех"), але затое некаторыя тлумачэньні ёсьць у самым тэксьце і, апроч таго, дадзены новыя замены слоў. З праскага выданьня, за выключэньнем адзначанай розьніцы, захаваны прадмова, дзесяць абраных песень і тэкст з падзелам на кафізмы і славы без указаньня зьместу псальмоў.

Іншыя часткі „Малое Падарожнае Кніжыцы" маюць самыя блізкія адносіны да адпаведных царкоўна-славянскіх тэкстаў у псалтырох з пасьледаваньнем.

Гэткім чынам, дзейнасьць Скарыны, якая падзяляецца на два пэрыоды – праскі і віленскі, з боку свайго агульнага характару адзначаецца органічным адзінствам: у васнове яе ляжаць аднолькавыя задачы і мэтоды. Калі ахапіць дзейнасьць Францішка Скарыны ў цэлым, дык трэба сказаць, што яна мае вялізарнае культурна-нацыянальнае значэньне. Яна служыць паказальнікам высокага культурнага ўзроўню, на якім стаяла Беларусь у XVI сталецьці: хронолёгічна „Біблія” Фр. Скарыны займае трэцяе месца (першая нямецкая друкаваная “Біблія” зьявілася у 1445 годзе, чэская—у 1488, наша беларуская—у 1517-1519 годзе [1]).

Ня толькі самая дзейнасьць Скарыны ўяўляе сабой вялікую цікавасьць – вялізарны інтарэс выклікае сьветапагляд славутага дзеяча, якім асьветлена яго праца. Крыніцу гэтага сьветапагляду трэба шукаць, зразумела, у політычна-соцыяльных умовах яго часу. У XVI сталецьці

  1. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Вільня. 1921 г., стар. 64.