Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

заны. Паходзіць ён, як мы бачылі вышэй, з гандлярскага стану; Скарыны вялі нават замежны гандаль з Рыгай і іншымі гарадамі. Самая літаратурная дзейнасьць нашага дзеяча шчыльна злучана з гандлёвым капіталам. У „Псалтыру" 1517 году мы знаходзім прыпіску „а то ся стало накладомъ Богдана Онькова сына, радцы мѣста Виленского". У канцы „Апостала" зазначаецца, што Скарына завёў у Вільні друкарню „въ дому почтивого мужа Якуба Бабича, найстаршего бурмістра славного и великого мѣста Виленского". І Богдан Онькаў, і Якуб Бабіч, гэтыя прадстаўнікі віленскага гарадзкога самакіраўніцтва, былі бясспрэчна цэнзавымі элемэнтамі[1].

Выдаючы свае кніжкі на сродкі гэтых прадстаўнікоў гандлёвае буржуазіі, Скарына і самы характар сваіх выданьняў прыстасоўвае да патрэб капіталу. Біблію ён выдае паасобнымі маленькімі кніжкамі ў добрых вокладках; портатыўнасьць выданьняў адпавядала вандроўнай форме жыцьця гандляроў; зграбнасьць і значны кошт іх паказвае, што яны, відаць, былі разьлічаны на збыт сярод заможных прадстаўнікоў гарадзкога жыхарства. Клясава-соцыяльная падстава літаратурнае дзейнасьці Францішка Скарыны асабліва выяўляецца у выданьні ім „Малое Падарожнае Кніжыцы"; гэтая „кніжыца", якая зьмяшчае ў сабе царкоўныя набажэнствы і ўяўляе найбольш портатыўнае выданьне з усіх выданьняў Скарыны, бязумоўна, мела на ўвазе інтарэсы гандяроў: купец, які ў часе вандраваньня дзеля гандлярскіх спраў ня заўжды меў магчымасьць хадзіць у царкву, мог памаліцца, паводле гэтае „кніжыцы”, ва ўсялякіх абставінах.

Зьвязаны так моцна з гандлёвым капіталам, уяўляючы сабой органічны продукт гарадзкое культуры, Скарына ў сваёй асобе і сьветапаглядзе выяўляе некаторыя рысы таго ідэйнага кірунку, які вынікнуў на падставе адзначанага соцыяльна-экономічнага фактару, - рысы гуманістага.

Гэты “новы культурны рух, —сьведчыць проф. Пічэта,—пачаўся перш за ўсё ў літоўска-беларускіх гарадох, куды пачалі пранікаць новыя рэформацыйныя ідэі, якія, аднак, ня пусьцілі глыбокіх карэньняў у васяродзьдзі гарадзкога грамадзянства. Барацьба паміж гарадзкім станам і земляўласьнікамі за экономічныя перавагі хутка паставіла мяшчанства у варожыя адносіны да шляхты і да каталіцызму і протэстантызму, паколькі апошнія станавіліся рэлігіяй варожага да мяшчан стану. Барацьба з шляхтай і нападкі каталікоў на праваслаўных прыдалі гарадзкому гуманістычнаму руху нацыянальна-рэлігійны характар, што атрымала сваё выяўленьне ў зьвязку з царкоўнай вуніяй 1596 году... Гарадзкі гуманітарны рух меў замкнуты характар. Вёска заставалася па-за сфэрай гарадзкой культуры". [2]

Характаразуючы далей дзейнасьць Скарыны, профэсар Пічэта празывае яго гуманістым, але, на вялікі жаль, ня прыведзена ніводнага доваду ў пацьверджаньне гэтага палажэньня. Мы спрабуем у гэтую сьціслую схэму падручніка: “Скарына – гуманісты” ўкласьці больш конкрэтны зьмест.

Нам здаецца, што галоўнымі адзнакамі рэнэсансу, які нарадзіў сабой гуманізм, зьяўляюцца: індывідуалізм, натуралізм і нацыяналізм.

  1. Разам з наданьнем беларускім гарадом Майдэборскага права, - сьведчыць проф. Пічэта, - уся ўлада апынулася ў руках буржуазіі, значэньне якой павялічылася пад уплывам росту грашовае гаспадаркі. (Гісторыя Беларусі. Масква – 1924 г., стар. 106)
  2. Ibid., стар. 126