Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

Буркгардт у сваёй вядомай працы „Культура адраджэньня Італіі" правільна кажа, што рэнэсанс гэта ёсьць адкрыцьцё чалавека. Аб чалавеку спынілі ўжо судзіць толькі на падставе яго адносін да царквы альбо да тэй ці іншай корпорацыі; асоба чалавека сама-па-сабе робіцца прадметам напружанае ўвагі і цікавасьці. Адсюль вынікае той факт, што ўсе дзеячы рэнэсансу, пачынаючы з Пэтраркі і канчаючы Торквато Тассо, любяць надзвычайна аналізаваць перажываньні душы чалавека і ў першую чаргу сваёй уласнай душы.

Індывідуалізм Францішка Скарыны, зразумела, ня мог так яскрава і моцна выявіцца, як ён выявіўся, напрыклад, у Пэтраркі, Боккачыо і інш.: для гэтага ня было ў нас на Беларусі належных соцыяльных і культурна-гістарычных умоў, галоўнае, у нас ня было тут традыцый антычнасьці, якая паслужыла ў Італіі моцным штурхачом выяўленьня асобы чалавека. Але і ў беларускага дзеяча мы знаходзім і некаторыя праявы індывідуалізму: Скарына поўны сьвядомасьці вартасьці свае асобы, ён далёкі ўжо ад хрысьціянскага ідэалу пакоры; на кожным кроку падкрэсьліваюцца ім асабістыя заслугі і каштоўнасьць; разам з тым усе яго прадмовы носяць, як мы бачылі, яскравы адбітак яго сьвядомасьці—тут выяўляецца сьветапагляд, выяўляюцца самыя захаваныя думкі і настроі пісьменьніка. Нават біблію Скарына часам расцэньвае з індывідуалістычнага пункту гледжаньня. У прадмове да кнігі Іова ён, напрыклад, кажа, што гэтая кніга „лекарство душевное, потѣха всѣмъ смутнымъ", што тут даецца сродак к пазнаньню сваёй асобы, а па думцы Скарыны, найвышэйшая мудрасьць і ёсьць пазнаньне самога сябе. Псалтыр Скарына таксама высока ставіць ня толькі як „малым детям початок всякой доброй науки", але і як псыхолёгічны помнік, дзе асоба чалавека можа знайсьці водгук сваім асабовым настроям, дзе заключана складаная гама перажываньняў, і пачынаючы ад высокага стану экстазу, захапленьня, і канчаючы прыгнятаючымі эмоцыямі роспачы і смутку.

Будучы індывідуалістымі, прадстаўнікі рэнэсансу не замыкаліся ў вузкія рамкі толькі сваіх асабовых перажываньняў; у іх была напружаная ўвага да жыцьця прыроды, жыцьця ўсяго космосу. Пачынаючы ад няясных яшчэ і зьбіўчывых шуканьняў Парацэльса і канчаючы грандыёзнымі адкрыцьцямі Копэрніка, Кеплера і Галілея, адпраўляючыся ад філёзофскіх разваг Міколы Кубанскага і прыходзячы да шырокае сыстэмы Джордано Бруно, мы ўва ўсёй навуцы і філязофіі рэнэсансу сустракаемся з выразнымі праявамі натуралізму, імкненьня і пазнаць прыроду. Гэтае імкненьне падзяляе і наш дзеяч. Яго не здавальняе схолястычная навука ў Кракаве, ён вывучае мэдыцыну; імкнучыся да запраўднага сьвятла навукі, едзе на далёкі захад, у Італію — самы асяродак гуманізму; у сваіх прадмовах Скарына выяўляе вялікую цікавасьць да сьвецкае навукі. Тут мы знаходзім „размовление о прирожении древ и былин, зверей, птиц, гадов и рыб".

Урэшце, трэцяя адзнака рэнэсансу—нацыяналізм... У сярэдніх вякох панавала адзіная космополітычная лацінская культура; гуманістыя выяўляюць вялікую цікавасьць да нацыянальных адзнак. Ужо Дантэ, які стаіць на рубяжы сярэднявечча і рэнэсансу ў сваім трактаце „De volgari eloquio" даводзіць, што жывая італьянская мова вышэй за мёртвую лацінскую. Па яго сьлядох ідуць Пэтрарка, Боккачыо і іншыя; не пакідаючы мовы лацінскай, яны шырака карыстаюцца жывой роднай гутаркай. Падобна ім, і Францішак Скарына ў сваім перакладзе сынтэзуе элемэнты мёртвае царкоўнаславянскае мовы і жывое беларускае гутаркі. У нашага дзеяча мы знаходзім яскравыя выразы нацы-