Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

на цэрэмоніі, а гэтак сама—персьцень і рукавіцы біскупу і дактаром. У калегіі дактароў Падуанскага Унівэрсытэту ў 1343 годзе абгаварвалася нават пытаньне аб тым, што ляўрэаты падносяць персьцяні вельмі танныя, не залатыя, як наказваў статут унівэрсытэту; пасьля вялікіх спрэчак, ухвалілі, што кожны ляўрэат павінен даваць залатыя персьцяні біскупу, вікарыю, старшыні і ўсім дактаром калегіі[1]. У XVI сталецьці, калі Францішак Скарына атрымаў годнасьць доктара лекарскіх навук у Падуі, страты, зьвязачныя з гэтым атрыманьнем, былі гэтак сама вельмі значны. Соррі сьведчыць: „у 1590 годзе калегіі Падуанскага Унівэрсытэту, жадаючы зьменшыць страты ў часе атрыманьня доктарскага дыплёму, ухвалілі, што кожны кандыдат, які жадаў атрымаць годнасьць з публічнай урачыстасьцю, павінен быў траціць ня больш патройнай колькасьці таго, што трацілі тыя, хто атрымліваў годнасьць прыватным шляхам[2]".

Значнасьць страт, якія былі зьвязаны з атрыманьнем ступені доктара, выклікала дапушчэньне дарэмных экзаменаў, пры чым вымагалася, каб кандыдат меў ня менш, як двох сьведак аб сваёй бед­насьці. Напрыклад, статут Фэрарскага Унівэрсытэту наказваў у 1467 годзе дапускаць да экзаменаў (promovere)—gratis et amore Dei двох асоб— аднаго фэрарца, а другога—чужаземца[3]. Гэтая ільгота існавала, відаць, і ў Падуі; з яе скарыстаў беларускі дзеяч.

Калі мы зараз параўнаем сьвядоцтвы полацкіх актаў аб замож­насьці роду Скарын, на якія пасылаецца Ўладзімераў, і весткі з актаў Падуанскага Унівэрсытэту аб беднасьці Францішка Скарыны, а гэтак сама і дадзеныя намі спраўкі з гісторыі італьлянскіх унівэрсытэтаў аб значнасьці страт, зьвязаных з атрыманьнем доктарскае годнасьці, бяс­спрэчным зьяўляецца, на нашую думку, адзін вывад—Францішак Скарына, відаць, належаў да стану сярэдняе гандлёвае буржуазіі,—вывад вельмі паважны, які асьветліць і характар літаратурнае дзейнасьці славутнага беларускага дзеяча.

Шмат спрэчак выклікала пытаньне аб тым, да якой веры належаў Францішак Скарына. Гэтаму пытаньню дасьледчыкі адводзілі многа ўвагі, і зразумела, чаму: уся дзейнасьць Скарыны, як перакладчыка Бібліі, насіла выключна царкоўна-навучальны характар і ад прыналежнасьці да тэй ці іншай веры вынікаў пэўны кірунак гэтае дзей­насьці. Рознастайныя думкі, якія выказваліся ў зьвязку з закранутым пытаньнем, можна падзяліць на 4 групы—паводле гэтых думак Францішак Скарына мог быць: а) альбо каталік, б) альбо протэстант, в) альбо вуніт, г) альбо праваслаўны.

Думку аб прыналежнасьці Скарыны да рымска-каталіцкае веры папершае выказаў Даброўскі ў надзвычайна асьцярожнай форме.

Даброўскі кажа: „Scorina, wahrscheinlich ein Romisch Katholischer oder doch wenigstens von der unirten Parthey"[4]. Такую самую асьцярож­насьць у разьвязаньні гэтага пытаньня выяўляе і Вішнеўскі, які зазначае:

Byc bardzo moze, ze Skoryna chociaz wyznania greckiego, ale wymowny i wychowany w Krakowie byl dosc przychylnym rzymsko-katolickiemu kosciolowi[5].

  1. Ibid., 204.
  2. Ibid. Італьянскі тэкст: «Nel 1590 i collegi dell'università di Padova volendo scemare le spese di laurea, stabilirono che ogni candidato, il quale volesse prendere le insegne solenni e con pubblico fasto, non potesse spendere più del triplo di quei che si laureavano privatamente."
  3. Ibid., 209
  4. Neuere Abhandlungen der K. Bohmischen Gesellschaft der Wissenschaften II Band. Prag. 1795, стар. 185
  5. Op. cit., стар. 478