Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

Далей апавядаецца аб тым, што Лютэр, прышоўшы да хаты, успомніў перасьцярогу сваіх прыяцеляў аб тым, што яму трэба ўнікаць нейкага доктара, Францішка-паляка. Баючыся подступаў д'ябла, Лютэр, у досьвіткі, уцёк у Тарговію, загадаўшы свайму прыслужніку ня прымаць Францішка-паляка. Даведаўшыся ў Тарговіі аб тым, што прыслужнік ня выканаў гэтага загаду, Лютэр жорстка пакараў яго (acerrime increpuisse servum), а сам зьвярнуўся да Вітэнбэрскага магістрату з просьбай аддаць Францішка-паляка суду. Але той шчасьліва зьбег кары: магістрат параіў яму толькі пакінуць хутчэй Вітэнбэрг.

Перадаўшы гэтае апавяданьне, Коріtаr робіць здогадку, што, быць можа невядомы Францішак-паляк і ёсьць наш дзеяч, Францішак Скарына [1].

Аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да вунітаў нязвычайна асьцярожнае прыпушчэньне, паколькі нам вядома, выказаў толькі адзін Dobrowsky ў прыведзеных вышэй словах. (Scorina, wahrscheinlich, ein Romisch-Katolischer oder doch wenigstens von der unirten Parthey).

Урэшце, думку аб прыналежнасьці беларускага дзеяча да праваслаўнае царквы, папершае, узгрунтоўвае Віктараў. Гэты дасьледчык зазначае, што выданьні Скарыны, асабліва віленскія, дапасаваны якраз да набажэнства ў праваслаўнай, а не ў каталіцкай царкве. „Гэтак, — кажа Віктараў, — „Апостал" Скарыны зусім дапасаваны да набажэнства не каталіцкае, а якраз праваслаўнае царквы, і мае той самы выгляд і склад, які бачым у звычайных славяна-рускіх рукапісных і друкаваных „апосталах", а паіменна: апроч падзелу на разьдзелы, паводле звычаю праваслаўнае царквы, ён падзелены на царкоўныя пачаткі і ў канцы мае саборнік, альбо каляндар, у якім чытаюцца імёны рускіх і славянскіх сьвятых (Савы Сэрбскага, вялікага князя Ўладзімера, Барыса і Глеба і іншых) і паказаньні на дзённыя і сьвяточныя эвангельлі, апосталы, антыфоны і іншыя царкоўныя песьні... Таксама зусім праваслаўны характар мае „Псалтыр", з парадкам царкоўнага набажэнства, які выдаў Скарына... У гэтым „Псалтыру" чытаюцца літаральна тыя самыя парадкі царкоўнага набажэнства і малітвы, якія чытаюцца ў царкве і цяпер, ці якія дасюль сустракаюцца ў славянскіх рукапісных і, часткай, у друкаваных псалтырах, часасловах, каноніках і да г. п. У склад памянёнага „Псалтыру" ўваходзіць таксама і кароткі каляндар з паказаньнем некаторых рускіх і славянскіх сьвятых" [2].

Прывёўшы гэтыя меркаваньні, Віктараў робіць вывад, што Францішак Скарына быў веры праваслаўнай. „Наўспрэч пагляду, які існуе аб асобе Скарыны, і ня гледзячы на лацінскае імя яго Францішак,— кажа Віктараў,—мы, спадзяемся, маем права зрабіць вывад, што гэты выдатны дзеяч у галіне старарускае літаратуры належаў да праваслаўнае царквы, прынамсі—у сваёй выдавецкай дзейнасьці дбаў не аб пашырэньні сярод сваіх землякоў каталіцтва ці лютэранства, але аб умацаваньні ў іх праваслаўя. З гэтае прычыны нам здаецца, што натуральна бачыць у васобе Скарыны папярэдніка не апаведнікаў у Расіі каталіцтва ці рэформацыі, а хутчэй—папярэдніка князёў Астроскіх, братоў Мамонічаў, князя Курбскага і іншых дзеячоў, якія змагаліся ў XVI сталецьці ў Заходняй Расіі за праваслаўе супроць высілкаў рэформацыі і рымскае пропаганды" [3]. Гэтую думку аб прыналежнасьці

  1. Hesychii Glossographi discipulus. Vindobonae, 1840, стар. 33-34. De Facultatis Pragenae Medleinae Doctore Francisco Skorina Lithuano, Doctoris Martini Lutheri insidiatore, question historica
  2. Беседы в Обществе Любителей Российской Словесности. Москвл, 1867, Вып. 1, стр. 19-20
  3. Ibidem