Старонка:Піотуховіч Скарына.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

Францішка Скарыны да праваслаўнае царквы падзяляюць і ўсе пазьнейшыя выдатныя дасьледчыкі пытаньня: Уладзімераў [1], Карскі [2], Янчук [3], Архангельскі [4], і іншыя. Думаецца і нам, што гэтае палажэньне, якое давёў Віктараў, зьяўляецца найбольш правільным. Запраўды, склад кніжок, выдадзеных Францішкам Скарынай, ня мае ў сабе нічога каталіцкага альбо протэстанцкага. Наадварот, мы знайшлі тут беспасрэднае зазначэньне прыналежнасьці да праваслаўнай царквы. Напрыклад, у Малой Падарожнай Кніжыцы адна з частак мае такі загаловак: „Шестодневець кратъкіи на всу неделю почеиши о(т) суботы, по обычаю всех восточныхъ церквий" [5].

Гэткім чынам, довады аб прыналежнасьці Скарыны да праваслаўнай веры грунтуюцца на самых выданьнях, у той час як усе іншыя довады ёсьць укосныя здогадкі і домыслы, якія ня маюць пад сабой цьвёрдае падставы.

Гэтыя здогадкі ня вытрымліваюць крытыкі. Так, што да імя Скарыны, Францішак, то вядомы досыць пашыраны ў беларусаў у старадаўнія часы звычай—мець падвойныя імёны,—і беларускі дзеяч, апроч імя Францішак, меў яшчэ і другое, чыста праваслаўнае імя, Юры. Адносна прыняцьця ім імя Францішак выказваліся розныя прыпушчэньні. Гэтае імя разглядалася, як спосаб прыкрыцьця ад чараў [6]. Выказвалася яшчэ думка, што прыняцьце гэтага імя Скарынай быў дыплёматычны крок з яго боку з мэтай адчыніць сабе дзьверы Кракаўскага Унівэрсытэту. „У Кракаўскім Унівэрсытэце, які знаходзіўся пад апекай рымскае курыі,—кажа Пятрушэвіч,—не дапушчаліся да наведваньня унівэрсытэцкіх навук асобы чужое веры, асабліва-ж схізматыкі якіх стаўлялі нароўне з паганцамі. З гэтае прычыны рускаму, і пры гэтым схізматыку, які хацеў быць кандыдатам унівэрсытэцкага курсу ў Кракаве, нічога не заставалася рабіць, як толькі, хаваючы сваё прозьвішча, узяць сабе у заходніх каталікоў імя Францішка. Такім чынам, была магчымасьць для Скарыны, хаваючыся пад маскай, праслухаць курс у Кракаўскім Унівэрсытэце” [7]. Урэшце вышэйпамянёны Віктараў асьцярожна выказваецца так: ”Гэтае імя Францішак дае, між іншым, магчымасьць прыпусьціць, што Скарыну запраўды маглі ахрысьціць паводле лацінскага абраду, але потым ён мог перайсьці ў праваслаўе” [8].

Прыведзеныя меркаваньні разбурваюць два галоўныя довады аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да каталіцкае веры. Думка Галавацкага аб прыналежнасьці Скарыны да протэстантызму можа быць адхілена ўжо адным тым, што выданьні Скарыны відавочна сьведчаць аб ушанаваньні сьвятых, што супярэчыць протэстанцкай догматыцы. Няма ў гэтых выданьнях ніякіх сьлядоў і вуніцтва: наадварот, сымболь веры прыводзіцца ў часаслоўцы Скарыны без filioque.

Беларус па нацыянальнасьці, досыць заможны чалавек, што да соцыяльнага свайго стану, і праваслаўны па веры, наш дзеяч атрымаў надзвычайна шырокую на той час адукацыю. Гісторыя гэтае адукацыі ўяўляе сабой самыя бліскучыя старонкі ў біографіі Францішка Ска-

  1. Ор. сіt., 172.
  2. Белоруссы, т. ІІ, вып. 2 стар. 25
  3. Ор. сіt.
  4. Образование и литература в Московском государстве конца XV и XVI столетий. Казань, 1898, стар. 343.
  5. Паасобнік Публічнай Бібліотэкі – І, 5. 8а/2
  6. Календарь Крестный 1873 г., стар. 47, дзе чытаем: “а прозван был он (Скарына) неправославным именем Франциск, вероятно, восприемниками и родителями для прикрытия истинного крестного имени от всяких чародейских наговоров”
  7. ”Слово”, 1875 г., частка 130. Аўторак, 25 лістапада. Стар. 2
  8. Ор. сіt., стар. 20.