Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

дэбурскім правам, складаючы асобную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку, адасобніліся ад воласьці. Мяшчане ў гарадох уладалі сядзібамі, агародамі, нівамі і пасьбішчам. За мяжой гораду паасобныя мяшчане набывалі землі ў баяр-шляхты і былі абавязаны адбываць з іх вайсковую службу.

Мяшчане неўпрывіліёваныя. Насяленьне гарадоў без магдэбурскага права адносна павіннасьцяў мала чым розьнілася ад сельскага пасяленьня. Яно плаціла дань, дзятла, чынш, сярэбшчыну і ардыншчыну ў Падняпроўскіх гарадох, давала стацыю і хурманкі праяжджаўшаму гаспадару і яго паслом, ураднікам, адбывала звычайную паншчыну. Мяшчане маглі быць аддаваны ў прыватнае ўладаньне нараўне з паасобнымі катэгорыямі сельскага насяленьня.

Гарады з магдэбурскім правам. Заходняя часьць Літоўска-Беларускае дзяржавы была пакрыта гарадамі, якія мелі вялікае гаспадарчае значэньне для жыцьця краю. З мэтай разьвіцьця гандлю і прамысловасьці вялікія князі давалі гарадом самасправаваньне у выглядзе гэтак званага магдэбурскага права. Спачатку атрымалі магдэбурскае права гарады, што знаходзіліся у заходняй часьці дзяржавы на рэчных шляхох. У другой палове сталецьця магдэбуріі пачалі раздавацца і ва ўсходняй палове дзяржавы. Вільня атрымала магдэбурскае права ў 1387 годзе, Бярэсьце — 1390, Горадня і Коўна — 1391 г., Дарагічын — 1429, Бельск—1430, Луцк-Каменец — 1438 г., Полацк — 1498 г., Менск — 1499 г. і інш. Гарады з магдэбурскім правам выдзяляліся з складу воласьці і набывалі асобнае гаспадарча-адміністрацыйнае значэньне. Мяшчане звальняліся ад розных валасных павіннасьцяў, набывалі права атрымліваць некаторыя даходы для ўласна-гарадзкіх патрэб, звальняліся ад суду ваявод, стараст і дзяржаўцаў. мелі ўласную юрысдыкцыю па магдэбурскаму праву, атрымлівалі права клапаціцца а гарадзкім дабрабыце, разьвіцьці гандлю і прамысловасьці. На чале гораду стаяў войт, назначаны гаспадаром, з правам перадачы свайго ўраду па насьледзтву і перадачы за грошы у іншыя рукі. З працягам часу урад войта стаў выбарным. Гарадом удалося яго выкупіць. Побач з лаўнікамі, дажывотнымі прысяжнымі з мяшчан, войт судзіць насяленьне ў крымінальных справах. Справы-ж а гвалце, падпаленьні, разбою, чыннай абразе шляхціца і гвалце над жанчынай — былі падсудны гаспадарскім ураднікам супольна з радцамі. На суд войта можна было апэляваць да вялікага князя. Бягучае кіраўніцтва знаходзілася ў руках гарадзкой рады і бурмістраў. Члены рады назначаліся войтам з кандыдатаў паспольства. Бурмістры абіраліся з-паміж членаў рады. Яны былі старшынямі рады. Усё бягучае кіраўніцтва знаходзілася у руках рады і бурмістраў. У веданьні Рады знаходзіліся: поліцыя, суд па грамадзянскіх справах, гарадзкая маёмасьць; яна-ж наглядала за гандлем, правільнасьцю мер і вагаў, сачыла за моральнасьцю. На суд рады можна было апэляваць да войта. У некаторых гарадох лава і рада ня былі разьдзелены. Калі пасада войта была выкуплена мяшчанамі, калі выдзелілася багатае мяшчанства, то і рада пачала укладацца інакш. Паспольства было адсунута ад удзелу ў яе папаўненьні. Рада сама выбірала членаў на месца выбыўшых. І выбар лаўнікаў перайшоў да рады. Пры гэткім становішчы гарадзкая грамада была адсунута ад удзелу ў кіраўніцтве. Уся ўлада апынулася у руках буржуазіі, значэньне якой значна павялічылася пад уплывам росту грашовае гаспадаркі. Магдэбурскае права пашырала свой уплыў на ўсё насяленьне, якое знаходзілася на тэрыторыі гораду. Каб звольніцца ад гарадзкога прысуду, патрэбна была гаспадарская пастанова. Наданыя гарадом магдэбургіі ня ўхілялі іх ад непаразуменьняў з гаспадарскімі ўраднікамі, якія часта прычынялі „крыўды вялікія". Магдэбурскае права дакладна вызначыла характар тых павіннасьцяў, якія насяленьне гарадзкое павінна было адбываць. Мяшчане мелі свае даходныя крыніцы: крамніцу, збож-