Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

на самастойнае ўнутранае кіраўніцтва і пры існаваньні вуніі з Польшчай. Спачатку в. кн. быў толькі намесьнікам польскага караля, але з паловы XV ст. Літва мае асобных вялікіх князёў, якія зьяўляюцца у той-жа час і польскімі каралямі. Гарадэльская вунія 1413 году ўстанавіла парадак абраньня вялікага князя, але гэты парадак ніколі ня быў ажыцьцёўлены. Вялікі князь абіраўся аднабочна — толькі Вялікім Княствам Літоўскім. Такімі абраньнікамі былі: Казімір, Аляксандар, Жыгімонт І і Жыгімонт ІІ-Аўгуст. Да канца XV ст. ўлада вялікага князя юрыдычна была не абмяжована, але фактычна яна знаходзілася ў сфэры ўплыву літоўскіх магнатаў. Прывілеі 1492 і 1506 году замацавалі за радай яе фактычнае палажэньне. Улада гаспадара была абмяжована арыстократычнай установай. У адносінах да зямель-анэксаў улада вялікага князя абмяжоўвалася мясцовымі констытуцыямі. У адносінах да іншых зямель вялікі князь зьяўляецца князем-айчыньнікам. Кола дзейнасьці вялікага князя абымае ўсе праявы дзяржаўнага жыцьця, як у галіне загранічнае, так і ўнутранае політыкі. Вялікі князь клапаціцца аб абароне краю, выдае заканадаўчыя акты, прызначае на ўрады, вырашае спрэчныя справы, наглядае за кіраўніцтвам дзяржаўных маёнткаў, вырашае пазямельныя спрэчкі, справы а грабяжах, гвалтах, вядзе дыплёматычныя зносіны, абвяшчае вайну і завязвае мір.

Гаспадарская рада. Гаспадарская рада — установа старажытнага пахаджэньня. Кожны ўдзельны князь меў каля сябе ўласную раду. Вітаўт у барацьбе з Польшчай заўсёды апіраўся на мясцовых землеўласьнікаў. Пры Вітаўце рада складалася з каталіцкіх біскупаў, прыдворных вяльможаў, краінных уладароў. У канцы XV ст. склад рады канчаткова вызначыўся. У яе ўваходзілі каталіцкія біскупы, вышэйшыя земскія і дворныя ўраднікі, ваяводы і старасты. Членамі рады маглі быць толькі католікі. З XVI ст. у раду пачынаюць пранікаць і праваслаўныя вяльможы. Рада знаходзіцца пры гаспадару. Яна працуе разам з ім. У палове XV ст. яна адасобілася ад гаспадара. З прычыны частых ад’ездаў Казіміра ў Польшчу, рада вырашала самастойна шмат якія дзяржаўныя справы. Правы рады былі азначаны прывілеямі 1492 і 1506 гадоў, надаваўшымі ёй занепадаўшыя функцыі. Дзейнасьць рады была рознастайна. З прычыны рознастайнасьці і складанасьці спраў была ўтворана пры вялікім князі і радзе канцэлярыя з канцлерам на чале, і скарб, з падскарбіем земскім. Рада ў поўным складзе магла зьбірацца параўнаўча рэдка. З XV ст. функцыёнуе асобная “передняя рада", куды ўваходзілі асобы найбольш блізкія да гаспадара з ліку вяльмож, меўшых права засядаць у гаспадарскай радзе.

Вялікі вальны сойм. Зараджэньне вялікага вальнага сойму можна аднесьці да моманту завязаньня трэцяй вуніі з Польшчай (1401). Спачатку на зьездах прымалі ўдзел толькі літоўскія князі і паны. На сойме 1413 году была прысутна і шляхта, але пануючая роль засталася за магнатамі. У выніку нацыянальна-політычнае барацьбы пры Казіміру на соймах паяўляюцца беларускія і ўкраінскія земляўласьнікі. На соймах прымалі ўдзел князі і паны пагалоўна, а з шляхты толькі „старшыя шляхцічы". На соймах XV ст. займаліся: пытаньнямі замежнай політыкі, завязаньнем вуніі з Польшчай, абраньнем гаспадара. У XVI ст. компэтэнцыя вялікага вальнага сойму пашыраецца. Соймы прымаюць меры па абароне дзяржавы, вырашаюць пытаньні аб вайне і міру, назначаюць новыя налогі, выдаюць новыя законы, укладаюць статут 1529 году, крытыкуюць дзейнасьць бягучае адміністрацыі. На соймах першай чвэрці XV ст. зьмяняецца склад шляхецкага прадстаўніцтва. На сойме ў 1512 годзе прысутнічалі прадстаўнікі па 2 ад кожнага павету. Разам з пасламі прыяжджалі на сойм знатныя асобы па запрашэньню гаспадара. Сойм падзяляўся на два колы: рыцарскае ў складзе дэпутатаў ад паветаў, і асоб, атрымаўшых запрашэньне ад гаспадара і паноў-