Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

і часткай жывёлаводзтвам. Скіфы ўжывалі ў якасьці жыўнасьці хлеб, часнок, чачавіцу і проса. Збожжа вывозілася ў вялікай колькасьці. Скіфскія звычаі былі суровыя і ваяўнічыя. З чарапоў найбольш выдатных ворагаў скіфы рабілі сабе кубкі, часамі аздаблялі іх золатам і карысталіся імі ва ўрачыстыя мамэнты. Хто забіў найбольшы лік ворагаў, той карыстаўся найбольшай павагай і пашанаю. З політычнага боку скіфскія плямёньні былі аб'яднаны дэспотычнай царскай уладай, які вырашаў усе справы самаўладца і меў у сваіх руках неагранічанае права жыцьця і сьмерці.

Рэлігія скіфаў. Рэлігія скіфаў для нас ня зусім ясна. Грэцкаму пісьменьніку Гэродоту не ўдалося падмеціць сутнасьць скіфскага культу. Можна думаць, што рэлігія скіфаў разьвілася з першапачатковага пакланеньня небу і зямлі, і затым дайшла да ўвасабленьня сіл і зьяваў прыроды ў паасобных боствах. Найбольшай пашанай карысталася багіня дамовага вогнішча і сямейнага дабрабыту. Затым ішло боства неба, багіня ўрадлівасьці і ральніцтва, бог сонца і сьвету. У скіфаў ня было ні сьвятынь, ні прыслужнікаў культу. Старэйшыя ў родзе выступалі наперад пры рэлігійных урачыстасьцях і прыносілі ахвяры. У ахвяру найчасьцей прыносілі коняў, якіх душылі пятлёй. Лепшую частку мяса і вантробы прыносілі ў ахвяру багом, а рэшту мяса смажылі. З вялікай урачыстасьцю знатныя скіфы хавалі сваіх нябожчыкаў. Гэродот апавядае, што памёршага цара, пасьля таго, як яму рабіліся розныя ўшанаваньні, апушчалі ў выкапаную магілу і закопвалі разам з ім адну з яго жон, а гэтаксама слуг, конаў, лепшую жывёлу, залатыя прылады. Над магілай насыпаўся вялікі курган. Ужо генуэскія каляністыя XIV стал. ведалі аб багацьцях, якія знаходзяцца ў скіфскіх магілах, і раскопвалі гэтыя магілы.

Іранскі ўплыў. Скіфы-сарматы мелі вялікі ўплыў на сваіх суседзяў — фінаў, славян і нават грэкаў. Іранцы пазнаёмілі фінаў з мэталямі, — з медзьдзю, серабром, золатам, часткай з ральніцтвам і свойскаю жывёлай — каровамі і авечкамі. Суседні эльлінскі сьвет, дзякуючы бязупынным стычкам з іранскімі пляменьнямі, падлягаў уплыву скіфаў. Грэкі страцілі чыстасьць сваёй мовы, адзяваліся паскіфску, носячы нагавіцы і плашчы чорнага колеру.

Вандроўкі готаў. Рух усходня-гэрманскага пляменьня готаў ад берагоў Бальтыцкага мора на поўдзень у чарнаморскія стэпы быў выкліканы як ростам насяленьня, гэтак і націскам суседзяў — славян і германцаў. Рушыўшыся ад берагоў Бальтыцкага мора, готы перайшлі праз непраходныя багны, праўдападобна, Пінскага Палесься. У часе гэтае вандроўкі на плытох і пераправах загінула многа народу. Мінуўшы гэтыя небясьпечныя месцы, готы прыйшлі ў краіну, празваную імі Ошт; адгэтуль яны былі прымушаны пасоўвацца далей на поўдзень у чарнаморскія стэпы, дзе готы пражывалі ў працягу ІІІ — IV стал. у межах ад Дняпра да Дунаю і Карпат. Мясцовае іранскае насяленьне, падобліва, было падбіта готамі. Рака Днестр дзяліла готаў на ўсходніх і заходніх — остготаў і вэстготаў. Готы ўтварылі даволі значную дзяржаву і ваявалі з Рымам. Гоцкі ўплыў пашыраўся і на суседнія народы, паасобку і на славянскія плямёньні. Гандлёвыя і вайсковыя зносіны з Візантыяй спрыялі хрысьціянізацыі готаў. Масавае хрышчэньне готаў адбылося ў палове IV стал. Знаходзячыся ў чарнаморскіх стэпах, готы рабілі напады на суседнія народы і грабавалі іх. Гоцкая эміграцыя была штуршком для славянскай калянізацыі.

Рух гунаў. У канцы IV стал. ў Эўропу з Азіі хлынула хваля вандроўных татарскіх народаў, вядомых пад назовам гунаў. Яны падбілі ўсходніх готаў. Заходнія готы перайшлі за Дунай, у межы Візантыйскай імпэрыі. Зруйнаваўшы гоцкую дзяржаву, гуны рушыліся ў Панонскую нізіну і залажылі вялікую дзяржаву, якая дасягнула найболь-