Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

княства была ненормальнай. Варожыя адносіны паміж маскоўскім і літоўскім урадамі не маглі пагадзіцца з такой залежнасьцю. Умяшаньне маскоўскага мітрапаліта ў царкоўныя справы Літвы і Беларусі было ўмяшаньнем улады ворожай Літве. Вітаўт вельмі добра гэта разумеў. Па сьмерці Кіпрыяна Вітаўт хацеў бачыць на мітрапаліцкае катэдры біскупа Полацкага Феодосія, але патрыярх на гэта не згаджаўся. Тады Вітаўт зьбірае ў Навагрудку сабор літоўска-беларускіх біскупаў: Полацкага, Чарнігаўскага, Смаленскага, Холмскага, Тураўскага і Уладзімірскага (1416), на якім быў выбран мітрапалітам Грыгоры Цамвлак. Але незалежнасьць праваслаўнай царквы ўстанавілася не адразу. Казімір адзін час прызнаваў уладу маскоўскага мітрапаліта Іоны. Толькі ў 1467 годзе патрыарх Грыгоры Мамма паставіў Грыгор’я Баўгарскага мітрапалітам Кіеўскім, Літоўскім і ўсёй ніжняй Русі. Маскоўская Царква ня прызнала Грыгор'я канонічна пастаўленым мітрапалітам і пастанавіла „к тому Грігорію не пріступаті, ні грамот нам от него не прініматі нікакіх, ні совета с нім не іметі ні о чем же”. Аддзяленьне літоўска-беларускае царквы ад вялікарасійскай было поўнае. Імкнучыся да аддзяленьня праваслаўнае царквы ад юрысдыкцыі маскоўскага мітрапаліта, літоўскі ўрад апекаваўся над вуніяй. Гэтак Гэрасім – біскуп смаленскі, стаўшы мітрапалітам, прыняў вунію, але ў 1435 годзе быў спалены ў Віцебску Сьвідрыгайлам. Пасьля таго, як з Масквы быў выгнаны Ісідар, які падпісаў акт Флёрэнтыйскай вуніі (1439), літоўскі ўрад прызнаў яго. Грыгоры, пастаўлены ў мітрапаліты пры Казіміру, гэтак сама быў вуніятам, але яго не прызнавалі біскупы, а яго наступнік Місаіл аднёсься да яе зусім адмоўна. Унітарныя спробы закончыліся няўдачай.

Праўнае становішча праваслаўнае царквы. Літоўска-беларуская царква ў царкоўна-юрыдычных адносінах падлягала канстантынопальскаму патрыярху. Галава царквы або абіраўся саборам, або назначаўся вялікім князем. Граматы вялікіх князёў, пачынаючы з Вітаўта, зацьвердзілі за царквой права духоўнага суду, згодна Номоканону і гэтак званаму „Світку Ярославову". Пастановы мясцовых сабораў былі абавязковы для царквы. Правы праваслаўнае царквы, як духоўныя, гэтак і маёмасныя, былі зацьверджаны граматай 1511 г., выданай мітрапаліту Іосіфу Солтану.

Праўнае становішча праваслаўных. З 1387 году праваслаўныя ў грамадзянскіх праўных адносінах былі пастаўлены не ў аднолькавыя ўмовы. Прывілей Ягайлы 1387 году меў на ўвазе толькі католікаў. Гарадэльскі прывілей 1413 году меў конфэсыянальны артыкул, забараняўшы асобам не каталіцкага веравызнаньня займаць вышэйшыя ўрады і засядаць у гаспадарскай радзе. Гэты артыкул захоўваўся і у пазьнейшых прывілеях, але яго моц пашыралася ўласна на Літву. У Полацку, Віцебску, Смаленску, Кіеве, Валыні праваслаўныя мелі права займаць усе ўрады. Толькі рада заставалася юрыдычна недаступная, але і ў ёй у канцы XV і першай чвэрці XVI ст. паяўляліся асобы грэцкага закону, ня гледзячы на протэст радных-паноў. У грамадзянска-праўных адносінах католікі і праваслаўныя былі зраўнаны прывілеем 1432 і 1434 г. г., і 2-га мая 1447 году, калі праваслаўная царква офіцыяльна лічылася ў унітарных адносінах з рымска-каталіцкай. Першыя два прывілеі мелі на ўвазе ўласна Літву. Прывілей Казіміра пашыраў сваю моц на ўсю тэрыторыю княства. Аб конфэсыяналым артыкуле прывілею не ўспамінаецца ў прывілеях вялікага кн. Казіміра, Аляксандра і Жыгімонта І ў год уступленьня апошняга на пасад. Пазьней, у 1522 годзе назначэньне князя Астрожнага ў раду разглядаецца як парушэньне Гарадэльскага прывілею.

Права патронату. Паасобныя цэрквы й манастыры знаходзіліся пад апекай прыватных асоб у тым ліку і вялікага князя. Цэрквы і манастыры. што знаходзіліся пад патронатам, складалі як-бы прыватную