Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

ўласнасьць сваіх патронаў. З перадачай або прадажай айчыны другому ўладару, пераходзіла да яго і права патранату, даваўшае повад сьвецкім асобам умешвацца ў царкоўныя справы. Цэрквы й манастыры, ня меўшыя патронаў, знаходзіліся ў беспасярэднім веданьні біскупа.

Католіцызм у Літве. З часоў аб’яднаньня Літвы й Польшчы, католіцызм шырока распаўсюдзіўся паміж літоўскага баярства, але на тэрыторыі беларускіх і ўкраінскіх зямель католіцызм пакуль-што ня пусьціў значных парасткаў. На чале касьцёлу стаяў біскуп віленскі. У 1317 годзе было заснована Медніцкае біскупства на Жмудзі. У 1429 г. было заснована каталіцкае біскупства ў Луцку. Каталіцкі касьцёл займаў упрывіліёванае становішча. Прыналежнасьць да яго баярына-шляхціца нагараджалася шэрагам істотных праў і вольнасьцяў. Кароль меў права патранату над каталіцкім касьцёлам.

Агульны характар царкоўнай палітыкі. Рэлігійная політыка вялікіх князёў Літоўскіх адзначалася дваістасьцю. Офіцыяльна вялікія князі павінны былі мець на ўвазе толькі інтарэсы каталіцызму. Але пераважная маса насяленьня трымалася праваслаўя. Гэта прымушала вялікіх князёў падтрымліваць праваслаўе асабліва ў беларускіх і ўкраінскіх краінах, дзе правы царквы былі забясьпечаны краіннымі прывілеямі. Наогул, політыка была веразноснай. Разам з каталіцкімі сьвятынямі і праваслаўныя сьвятыні атрымлівалі землі і правы суду над пасяліўшымся насяленьнем і збору падаткаў на сваю карысьць. Неадчэпнасьць мітрапаліцкіх праў і суду, а гэтак сама царкоўнае маёмасьці і даходаў была пацьверджана граматай Жыгімонта І ў 1511 г.

М). Законадаўства.

Судзебнік Казіміра Ягельлёнчыка. Адсутнасьць пісоўнага права прычыняла мноства нявыгод. Пры панаваньні звычаёвага права мелі месца частыя надужыцьці. Каб унікнуць апошніх быў выданы Судзебнік, апублікаваны 29-га лютага 1468 году. пасьля папярэдняе нарады „з князьмі і з паны-радаю нашаю Вялікага Княства Літоўскага і з усім паспольствам" Судзебнік вельмі кароткі. У ім толькі 25 артыкулаў, якія датычаць большай часткай крымінальнага права і крымінальнага процэсу і вызначаюць, галоўным чынам, кару за крадзеж. Абараняючы маёмасныя правы землеўласьніцкага стану, Судзебнік замацаваў за земляўласьнікамі юрысдыкцыю над сваімі падданымі.

Статут 1529 году. Мноства законадаўчых помнікаў (шляхецкія прывілеі, краінныя прывілеі, гаспадарскія пастановы і г. д.) выклікала ня мала непаразуменьняў пры разглядзе судовых спраў. Канечнасьць кодыфікацыі права была відавочнай. Новы законадаўчы зборнік павінен быў аб’яднаць усе правы і вольнасьці, наданыя шляхце. Складанасьць экономічных і грамадзянскіх праўных адносін падкрэсьлівала няўхільную канечнасьць дакладнага азначэньня норм грамадзянскага права. Распачатая барацьба паміж магнацтвам і звычайнай шляхтай нястомна вымагала кодыфікацыі права з тэй мэтай, каб задаць магнатам політычны ўдар, які пазбавіў-бы іх магчымасьці надужыцьця пры судовых справах. У 1514 годзе сойм зьвярнуўся да гаспадара з просьбай аб выданьні Статуту. У 1522 годзе на Віленскім сойме гаспадар выдаў загад укласьці новы Статут. 6-га сьнежня 1522 году адбылася публікацыя Статуту, але дзейнасьць яго пачалася толькі з 29-га верасьня 1529 году, калі Статут быў апублікованы ў канчатковай рэдакцыі. Статут складаецца з 13-х разьдзелаў і датычыць грамадзянскага і крымінальнага права, судаўніцтва і судаводзтва, шляхецкага права, вайсковай службы, гаспадарскіх правоў. Статут 1529 году замацаваў законадаўчым парадкам за магнатамі тое становішча, якое яны фактычна займалі ў дзяржаве. Статут 1529 году стаўся падставай для шляхты ў яе барацьбе з магнатамі за пашырэньне сваіх політычных