Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

шай магутнасьці пры Атыле. Рымскія пісьменьнікі падаюць некаторыя весткі аб гунах.

Быт гунаў. Пісьменьнік Аміон Марцэлён апісвае гунаў, як агідлівую брыдоту, з каранастым станам і грубой шыяй, зусім безбародых. Гуны ня маюць сталых памяшканьняў і жывуць вандроўным жыцьцём. Адзежа гунаў зроблена з палатна або скуры і надзяваецца праз голаў. Носяць яе датуль, пакуль яна не пашарпаецца так, што сама зваліцца з плеч. На галовы надзяваюць хутраныя шапкі, а ногі абвіваюць казьлінаю скураю. Страву ядуць нявараную і няпрыпраўленую. Гуны ня маюць ядынай царскай улады, але падлягаюць паасобным верхаводцам. Гуны надта спрытныя коньнікі і вельмі трапныя стралкі.

Лёс гунаў. Гунская дзяржава развалілася пасьля сьмерці Атылы (453). Падбітыя гунамі народы паўсталі і прагналі гунаў з Паноніі. Часьць гунаў перайшла на правы бераг Дунаю і пасялілася ў Дабруджы. Другая часьць расьсеялася ў чарнаморскіх стэпах. Падобліва, што суседнія з гунамі славянскія пляменьні прызнавалі ўладу Атылы.

Баўгары. Сьледам за гунамі ў чарнаморскіх стэпах паяўляюцца баўгары. Першыя весткі аб іх маюцца з канца V ст. У VI ст. баўгары жылі на Азоўскім узьбярэжжы па Дону і Кубані. У VII ст. баўгарская горда распадаецца на некалькі горд. Заходнія баўгары перайшлі Дунай і разам з славянамі рабілі напады на Візантыйскую імпэрыю. Падбіўшы славян, баўгарская горда растварылася ў славянскім моры. Усходнія баўгары пасяліліся пры ўтоцы Камы ў Волгу, дзе ўтварылі ў ІХ—Х ст. вялікую дзяржаву. Другая часьць усходніх баўгар спынілася на паўночным Каўказе.

Авары. У VI—VII ст. у чарнаморскіх стэпах паяўляюцца авары, якіх начальны летапіс называе „обрамі". Авары рабілі напады на славянскія пляменьні, што жылі каля Карпат. Авары ня раз перапраўляліся праз Дунай і рабілі набегі на Візантыйскую імпэрыю.

Першапачатковыя весьці аб славянах. Славянскія пляменьні прыналежаць да сям'і індо-эўропэйскіх народаў. Рымскі пісьменьнік Пліні і грэцкі географ Птолемэй ведалі аб славянах і называлі іх „вэнэтамі“, жывучымі паміж Віслай і Бальтыцкім морам. Птолемэй называе славян многалюдным народам. Пісьменьнік VI ст. Іордон называе славян „вэнэтамі“, але дзеліць іх на дзьве часьці: уласьціва славян ад Дунаю да Днястра і на поўнач да Віслы, і антаў—ад Днястра да Дняпра. У VI ст. славяне, што жылі на Дунаю, робяць напады на Візантыйскую імпэрыю. Грэцкія пісьменьнікі VI ст. Пракоп і імпэратор Маўрыцы падаюць каштоўныя весьці аб славянах. Трэба лічыць даведзеным, што ў VI ст. славянства разьдзялілася на дзьве галіны—заходнюю—славян, і ўсходнюю—антаў.

Славянскія вандроўкі. Славянскія пляменьні распачалі вандроўку пад уплывам гоцкай эміграцыі, якая прайшла па сярэдзіне славянскай прабацькаўшчыны. Готы разьдзялілі славянскую сям’ю на дзьве групы: заходнюю і ўсходнюю. Першыя павінны былі пасунуцца на захад да Віслы і Эльбы і на паўднёвы захад прабацькаўшчыны за Карпаты к Дунаю. Усходняя галіна славянства пасунулася на ўсход к Дняпру і спусьцілася на поўдзень да вадазбораў вялікіх чарнаморскіх рэк. З утварэньнем Гоцкай дзяржавы славяне ўваходзілі ў яе склад і знаходзіліся пад уладай остготаў. Распад Гоцкай дзяржавы і ўтварэньне Гунскага царства адпаведным чынам адгукнуліся на славянах і антах. Распад Гунскай дзяржавы вярнуў славянскім пляменьням політычную свабоду. Заходня-славянская галіна пасунулася далей к Дунаю. На сярэднім Дунаю заходня-славянскія пляменьні стыкаліся з паўднёва-славянскімі. Калянізацыйная хваля ўсходня-славянскай галіны не пашырылася на чарнаморскае ўзьбярэжжа. Паміж абедзьвюма славянскімі галінамі не заўсёды былі добрыя суседзкія адносіны. У 534 годзе паміж славя-