Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

асаблівы від школ—вуніяцкіх. Ня гледзячы на рознае веравызнаньне, школы ўсіх відаў мелі паміж сабой адно супольнае, а іменна: спачатку школьнае наўчаньне мела профэсыянальны характар і павінна было здавальняць рознастайныя запатрабаваньні тэй або іншай цэрквы. Утылітарны характар школьнае справы прыдаваў школам асаблівы адбітак, але у той-жа час такая школа была ядынай крыніцай падтрыманьня граматнасьці ў тагачасным грамадзянстве: шляхецтве і мяшчанстве. Дзякуючы гэтаму, гэтыя конфэсыянальныя школы падтрымлівалі цікавасьць да асьветы. Беларускае Адраджэньне ўсіх кірункаў, пры адсутнасьці адпаведнага культурнага асяродзьдзя, ніколі ня было культурным рухам, які-б пранікаў у гушчы мяшчанскага і шляхецкага асяродзьдзя.

Праваслаўныя школы. Школьная традыцыя бярэ свой пачатак з першых момантаў хрысьціянізацыі Беларусі, і разьвіцьцё яе не перапынялася, хаця тэмп гэтага разьвіцьця то прысьпяшаўся, то прыпыняўся. Школьная справа знаходзілася выключна пад кіраўніцтвам духавенства. Кандыдаты на пасады прыслужнікаў праваслаўнага культу павінны былі мець адпаведную адукацыю. Яны здабывалі яе або пры манастырох, або ў дому. Пры насьледнасьці царкоўных пасад, контынгэнт школ складаўся з прадстаўнікаў духоўнага стану, які заставаўся найбольш асьвечанай грамадзкай групай. Духавенства-ж перапісвала і кнігі царкоўна-канонічнага характару. Духоўнікі часта пісалі і рознастайныя офіцыяльныя дакумэнты. Асяродкамі асьветы падаўнейшаму заставаліся манастыры. Ў Кіева-Пячэрскім манастыры знаходзілася значная бібліотэка, складзеная з духоўных і сьвецкіх кніг. Пісьменнасьць была пашырана як паміж шляхецтва, гэтак і паміж мяшчанства. Гандаль і гандлёвыя інтарэсы прымушалі знаёміцца з пісьменнасьцю. Францішак Скарына – вучыўся ў Падуі і Кракаве і, прыехаўшы з Польшчы, увесь час заставаўся верным праваслаўным традыцыям. Адчыненьне друкарняў у XVI ст. і друкаваньне кніг славянскага друку зьяўлялася паказчыкам таго, у якім стопню пашыралася пісьменнасьць у гарадзкім грамадзянстве. Але дзе былі адчынены праваслаўныя школы: аб гэтым амаль-што ня маецца даных. У эпоху беларускага Адраджэньня па ініцыятыве мясцовага грамадзянства пачалі адчыняцца школы. Гэтак Краснастаўская школа мела апякуна ў асобе мясцовага мяшчанства. Грыгоры Аляксандравіч Хадкевіч залажыў школу ў Заблудаве пры Усьпенскай царкве і забясьпечыў яе матар'яльна (1567). Ёсьць весткі што была школа ў Тураве (1572). Пры Кіеўскім Міхайлаўскім манастыры функцыянавала школа, у якой падгатаўляліся духоўнікі. Чужаземец Одэрбэрг адзначае, што ў беларусаў ёсьць звычай адчыняць школы пры цэрквах. Настаўнікамі ў гэтых школах былі панамары, дзякі, а ў школах навучалі славянскай граматы, малітваў, сімвалу веры і псальмаў. Мялеці Сматрыцкі адзначае, што з даўных-давён ў школах навучалі спачатку азбукі, затым часаслова і псалтыра. Адначасна вучылі і пісаць. Часамі выкладаліся і пачаткі арытмэтыкі. У другой палове сталецьця ў Літву-Беларусь пранікае культурны ўплыў з суседніх краін: Польшчы, Масквы, з суседняй Нямеччыны ў выглядзе протэстантызму, і з Усходу ў асобе грэцкай царкоўнай іерархіі. Пад уплывам запатрабаваньняў эпохі: стычкі польскага і літоўска-беларускага капіталаў, барацьбы дзьвёх нацыянальных культур—польскай і літоўска-беларускай, — праваслаўная школа павінна была зьмяніцца. Гэтая зьмена датычыла найбольш гарадзкіх школ. Паўсталі гэтак званыя брацкія школы, росквіт якіх адносіцца да наступнага пэрыоду ў жыцьці Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Каталіцкія школы. Першыя лацінскія школы паяўляюцца ў другой палове XIV ст. На біскупах і існаваўшых пры іх капітулах ляжаў абавязак клапаціцца аб школах. Літоўска-беларуская каталіцкая школа давала пачатковае навучаньне. Апрача школ катэдральных узьнікалі па ініцыятыве мясцовага духавенства і парафіяльныя школы. У