Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

вуніі. Шляхта вельмі добра разумела канечнасьць вуніі з Польшчай і глядзела на гэтую вунію, як на сродак для барацьбы з магнацтвам. Напружанае знадворнае палажэньне гэтак сама штурхала шляхту у бок вуніі. На Віленскім сойме 1563 г. шляхта дабілася пастановы аб пасланьні соймавай дэлегацыі для перагавораў аб вуніі, але з захаваньнем унутранае аўтономіі. Перагаворы з палякамі не далі ніякіх рэзультатаў з тае прычыны, што ідэалам палякаў была інкорпорацыя Вялікага Княства Літоўскага. Перагаворы на Варшаўскім сойме 1564 году не далі ніякіх рэзультатаў, хаця літоўская дэлегацыя патрабавала толькі захаваньня асобных законаў і ўстанаўленьня асобных судоў і адміністрацыі. Па сканчэньні сойму Жыгімонт ІІ апублікаваў ад імя свайго і сваіх патомкаў адмову ад сваіх "дедічных“ праў на Літву з перадачай гэткіх Польшчы.

Люблінскі сойм. Спробы літоўска-польскага ўраду прывесьці ліцьвінаў і палякаў да унітарнае ўмовы дагэтуль канчаліся няўдачна. Для канчатковага вырашэньня унітарнага пытаньня Жыгімонт-Аўгуст склікаў сойм у Любліне. Палякі прапанавалі завязаць вунію на прынцыпах вуніі 1501 году. Літоўскія магнаты не маглі прыняць гэткіх умоваў. Жадаючы выратаваць становішча, літоўская дэлегацыя пакінула Люблін. У іх адсутнасьці палякі далучылі да Польшчы Падляшша і Валынь. Праз два дні была далучана і Кіеўшчына. Літоўскім паслом прышлося вярнуцца назад у Люблін. Адарваўшы ад Літвы гэтак панадныя для Польшчы землі, палякі ўжо ня упіраліся на поўнай інкорпорацыі Літвы і згаджаліся зрабіць ліцьвінам пэўныя ўступкі.

Люблінская вунія 1569 году. На падставе акту аб вуніі ад 1-га ліпеня 1569 году Літоўска-Беларуская дзяржава была пазбаўлена значнай часьці тэрыторыі: Падляшша, Валыні, Кіеўшчыны і Літоўскага Падольля. Літва і Польшча складаюць адну дзяржаву з адным гаспадаром, які абіраецца супольна ліцьвінамі і палякамі і карануецца у Кракаве. Рада і сойм павінны быць супольны. Замежная палітыка вядзецца ад імя абодвых народаў: завязаньне ўмоваў, адпраўленьне паслоў адбываецца з ведама і згоды абодвых народаў. Устанаўліваецца агульная монэта. Але Літва захоўвае свае законы, суды і ўрады. Палякі і ліцьвіны атрымліваюць права набываць усюды сабе маёмасьць. Старыя наданьні застаюцца ў сіле. Урады ганаровыя і службовыя могуць раздавацца толькі асобам, прысягнуўшым каралю і кароне польскай. Шляхціцы і іх падданыя звальняюцца ад выплаты ўсялякіх падаткаў пры продажы сваіх сельскагаспадарчых прадуктаў унутры дзяржавы або пры вывазе за граніцу. Люблінская вунія 1569 году падсумавала вынікі працяжнай барацьбы палякаў за вунію. Парлямэнтарная вунія 1569 году ўстанаўлівала дыктатуру шляхецтва. Політычная роль магнатаў скончылася. Яны ўтрацілі магчымасьць прымаць удзел на пасяджэньнях сойму па асабістаму запрашэньню вялікага князя.