Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

рэкі, якія далі магчымасьць славянам дабрацца да Дняпра і перабрацца ў вадазборы суседніх рэк. Упадак аварскае магутнасьці, калі тэрыторыя паўднёва-ўсходня-эўропэйскай раўніны асвабадзілася ад насельнікаў, дапамог разьвіцьцю тэмпу самой калянізацыі. Вялікая моц лясоў, што спатыкаліся на шляхох славянскае калянізацыі, прыпыняла процэс калянізацыі. Недахват крыніц не дазваляе намаляваць дакладны абраз славянскае калянізацыі. Даныя „Начальнага летапісу", весткі арабскіх і візантыйскіх пісьменьнікаў Х—XI сталецьцяў падаюць каштоўны матар'ял аб пазьнейшай славянскай калянізацыі.

Паўночна-заходняя калянізацыя. Славянскія пляменьні, што знаходзіліся на сярэднім Дняпры, падняліся на поўнач да верхняга Падняпроўя, а адтуль да Заходняй Дзьвіны, заняўшы сярэднюю і верхнюю Дзьвіну. Сярэдзінай Дзьвіны цераз р. Вялікую славянскія каляністыя дайшлі да Чудзкага возера, а з верхняга Дняпра, дайшоўшы да вышнявіны Лаваці, уніз па апошняй спусьціліся да возера Ільмені. Гэта тэрыторыя была зацята крывічамі, якія ў пазьнейшым часе калянізавалі паўночна-ўсходнюю часьць эўропэйскай раўніны і гэтым самым зьявіліся асноўным ядром ва ўтварэньні велікарасійскага пляменьня. Крывічы разьдзяліліся з часам на дзьве галіны: заходнюю Падзьвінскую, з Полацкам у асяродку, і ўсходнюю, у якой асяродкам стаў з часам Смаленск.

Палесьсе. Тэрыторыя на поўдзень ад крывічоў на правым баку Дняпра паміж Прыняцьцю і Дзьвіной была занята дрыгвічамі. Правы бераг ракі Прыпяці быў заняты драўлянамі, якія жылі тут здаўна. Суседзьмі дрыгвічоў на захадзе былі ліцьвіны, паціснутыя на захад прыйшоўшымі каляністымі, а суседзьмі драўлян былі дулебы па р. З. Бугу.

Задняпроўе. З верхняга Дняпра славянскія каляністыя пасунуліся на ўсход у вадазбор р. Дзясны, Сэйму, Сулы і Сожа. Гэтыя пляменьні называліся севяранамі і радзімічамі. Заняўшы вадазбор верхняй Волгі і верхняга Дняпра, славянскія пляменьні пасунуліся на паўночны ўсход да верхняй Акі. Каляністыя верхняй Акі сталі называцца вяцічамі.

Сярэдняе і ніжняе Падняпроўе. Сярэдняе Падняпроўе было занята палянамі, якія жылі ў стэпах. Спушчаючыся ўніз па Дняпры, слявяне дайшлі да вусьця Дняпра і пачалі называцца „улічанамі”. З ніжняга Дняпра улічы, перайшоўшы Буг, занялі Днестр. Але адтуль район іх пасяленьня дасягаў Дунаю. Другая група чарнаморскіх усходніх славян называлася ціверцамі, якія занялі р. Днестр і даходзілі сваімі паселішчамі да самага мора.

Паўднёва-ўсходняя калянізацыя. Арабскія пісьменьнікі адзначаюць, што славянскія паселішчы знаходзіліся на ўсход ад Дняпра і на поўдзень ад Сулы. Падымаючыся ўверх па р. Сэйму, славянскія каляністыя праз р. Сасну маглі прабрацца на Дон, а вышнявінамі Псёлу і Ворсклы дайсьці да вышнявіны Данца. У Х стллецьці севяране дабраліся да вусьця р. Кубані, якое зьяўлялася выдатным гандлёвым пунктам паміж грэцкімі гарадамі і валожскімі хазарамі, і залажылі на месцы старой калёніі—Фанагорыі—новую, вядомую пад назовам Тмутаракань. Пашырэньне калянізацыі на паўднёвы ўсход было магчыма толькі дзякуючы таму, што хазары, заняўшыя дольнюю Волгу, ахоўвалі шляхі ад азіяцкіх вандроўнікаў.

Тры групы славянскіх пляменьняў. Усходня-славянскія пляменьні дзеляцца на тры групы: на заходнюю і паўночна-заходнюю (крывічы, дрыгвічы, радзімічы), паўднёвую (паляне, драўляне) і паўночна-ўсходнюю, якая калянізавала міжрэчча Акі і Волгі ўжо ў пазьнейшыя гістарычныя часы Х—XIІІ сталецьці. Гэтыя тры групы зьяўляюцца ядром трох народаў—беларускага, украінскага і велікарускага. Самы процэс утварэньня нацыянальнасьцей адносіцца да пазьнейшых часоў, але ўжо ў момант калянізацыі існавалі асаблівасьці ў мове і звычаях паасобных пляменьняў.