Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

Матар'яльная культура славян. Даныя мовы сьведчаць аб значным натуральным і культурным разьвіцьці славян эпохі да расьсяленьня. Зробленыя архэолёгічныя раскопкі і прадметы, знойдзеныя ў курганох, пацьвярджаюць даныя мовы. На падставе гэтага матар'ялу трэба адмовіцца ад погляду некаторых гісторыкаў, галоўным чынам нямецкіх, аб малым культурным разьвіцьці славян. На новых мясцох славяне займаліся ральніцтвам, гадоўляй жывёлы, рыбацтвам, пчалярствам. Прамысловасьць здабываючая была пануючай, і сама гаспадарка, дзякуючы вялікай прасторы і малой залюдненасьці тэрыторыі, адзначалася надзвычайнай экстэнсыўнасьцю. У драўлянскіх і дрыгвіцкіх магілах архэолёгі знаходзілі жалезныя сярпы і рэшткі збожжа (жыта, ячменю і пшаніцы). Абрабляючая прамысловасьць была слаба разьвіта. Славяне былі знаёмы з ткацкім, ганчарным і бандарскім рамяслом. Найбольш былі пашыраны два апошнія. Вельмі пашыраны былі вёдры з срэбнымі ручкамі, знойдзеныя ў дрыгвіцкіх магілах, якія ўжываліся, як чары для напояў, а гэтак сама глінянае начыньне, якое аднак даволі рэдка спатыкаецца ў курганох дрыгвічоў і радзімічаў, і надта часта ў крывічоў. Апрача гэтага, апошнім былі вядомы мэталы: бронза, жалеза, срэбра, медзь і золата. У курганох спатыкаецца шмат мэталёвых рэчаў: цьвікоў, жалезных клямраў, спражак, нажоў, астрог, сякер, сковак, стрэл, шпілек, звычайна жалезных. Спатыкаюцца гэтак сама срэбныя брансалеты, пярсьцёнкі, спражкі, срэбная аздоба з падвескамі. Медзь і жалеза трапляюцца ў зьлітках. Мабыць, у крывічоў было пашырана кавальскае рамясло. На тэрыторыі радзімічаў і крывічоў былі знойдзены бурштыновыя і шкляныя пацеркі. Нямнога знойдзена аружжа, за выняткам крывічоў, як то: пік, мячоў, шчытоў, кальчуг, шоламаў, сковак і стрэл.

Гандаль. Крывічы, радзімічы і дрыгвічы ня жылі замкнёнымі пляменьнямі. Яны падтрымлівалі гандлёвыя зносіны з суседзьмі. У курганох архэолёгі знаходзілі вагі і вагавыя каменьні. Відавочна, ужо пасьпела выдзяліцца асобная грамадзкая група, якая спэцыяльна займалася гандлем. Бальтыцкае мора і вусьці рэк, што ўліваюцца ў яго, былі багаты бурштынам. Гэта было ўжо вядома фінікійцам, а затым грэкам і рымлянам; аб гэтым сьведчаць знаходжваныя монэты афінскія, эгіпецкія, кіранейскія, сіракускія, мацэдонскія і рымскія. Знойдзеныя арабскія монэты—дыргэмы, у Віцебскай губэрні VIII-ІХ сталецьцяў, і ў Віцебску Х ст. сьведчаць аб гандлі з арабамі. Ёсьць знаходкі дыргэм на вадападзеле паміж сыстэмаю р. Дняпра і 3. Дзьвіны, а гэтак сама ў самой Смаленшчыне—VIII, ІХ, Х ст. Гандаль з усходам адбываўся па Дзьвіне, Касплі, Дняпры, Вязьме, Маскве, Ацэ, Волзе, Каме. Гандлёвымі зносінамі з азіяцкімі культурнымі краямі тлумачыцца прысутнасьць у курганох радзімічаў і крывічоў бронзавых лямп усходняга стылю, ядвабных тканін і каштоўных каменьняў. Тэрыторыя крывічоў была, мабыць, асяродкам усходняга гандлю, пасрэднікамі якога былі валожскія баўгары. Можна спадзявацца, што крывічы гэтак сама рана наладзілі гандлёвыя зносіны з Грэцыяй. Не падлягае сумненьню, што ў пачатку ІХ ст. зносіны крывічоў з грэкамі на Дняпры зусім наладзіліся. І заходні гандаль мае вельмі раньняе пахаджэньне. На тэрыторыі крывіцкага пляменьня былі знойдзены ў значнай колькасьці монэты англа-саксонскія, ангельскія, дацкі, нямецкія. Знойдзеныя на гэтай-жа тэрыторыі мячы скандынаўскага пахаджэньня сьведчаць аб гандлёвых зносінах з Захадам.

Унутраны гандаль. Загранічны гандаль дапамагаў разьвіцьцю ўнутранага гандлю. Пашыранасьць аздобаў срэбных, бронзавых (пярсьцёнкі, шпількі, завушніцы, фарфоравых і шкляных сьведчыць аб унутраным гандлі.

Дамовы быт. Павярхоўны выгляд славян. Арабскі пісьменьнік Ібн Фадлан апісвае славян, як народ дужы, спратны, высокі, з сьветлымі