Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

валасамі, з загарэлым але прыгожым тварам. Адзеньне мужчын вызначалася прастатою і складалася з кашулі, падпяразанай поясам, і нагавіц. Канечнай прыналежнасьцю вопраткі былі раменныя паясы з жалезнымі або бронзавымі спражкамі. Жаночая вопратка была больш багатай. Тут мы бачым нашыйнікі з пацерак шкляных, карніолевых, амэтыставых, бронзавых, срыбных. На руках насілі брансалеты і пярсьцёнкі, якія часамі вызначаліся надта далікатнай работаю. Бяднейшыя жанчыны насілі пацеркі з гліны. Усходні і Візантыйскі гандаль даваў магчымасьць багатым адзявацца ў дарагія тканіны, ядвабы і златаліты, што ў гэту эпоху ня было яшчэ надта пашырана. Звычайна на адзеньне ўжывалася ільняная тканіна. У курганох захаваліся рэшткі хутраных і войлачных шапак.

Характар славян. Славяне былі жыцьцярадасным народам, любілі сьпевы, музыку і танцы, надта густавалі віно, якое пілі ўдзень і ўночы, як піша аб гэтым арабскі пісьменьнік Ібн Фадлан. Гасьціннасьць і пашана да чужаземцаў зьвярнулі на сябе ўвагу як усходніх арабскіх, гэтак і нямецкіх пісьменьнікаў.

Сямейны быт. Славянская сям’я стала патрыярхальнай яшчэ перад расьсяленьнем. Гэткай яна засталася і пасьля расьсяленьня. Улада мужа і бацькі была вельмі значнай. Становішча жанчыны было залежнае. На яе глядзелі, як на ўласнасьць мужа, і бывалі выпадкі, калі жон пасьля сьмерці мужа забівалі. Распаўсюджаньне многажонства гэтак сама сьведчыць аб тым, што кабета была ў залежным стане. У эпоху панаваньня радавога ладу ў часе ігрышч „умыкалі” (хапалі) нявест, і гэта форма шлюбу была пераважнай. Летапісец адзначае, што такая форма шлюбу была ў радзімічаў, вяцічаў і севяран. Трэба аднак ведаць, што такая форма шлюбу ў пэўныя эпохі мела месца ўсюды. Адначасна з тым, як радавы лад развальваўся, „умыканьне” нявест адбывалася са згодай жаніха і нявесты, і пры гэтым выплачваўся пасаг бацьком нявесты. Нарэшце, калі радавы лад зусім адмёр, звычайнай формай шлюбу былі ўводзіны нявесты ў дом жаніха. Летапісец адзначае, што такая форма шлюбу была ў палян.

Грамадзянскі быт. Славяне перад расьсяленьнем жылі родамі, утворанымі з некалькіх праславянскіх сем'яў. Апошняя будавалася на прынцыпе патрыярхату. Словы: айцец, маці, брат, сястра і г. д. утварыліся яшчэ ў эпоху сумеснага жыцьця ўсіх арыйцаў. Род супольна ўладаў усёй рухомай і нярухомай маёмасьцю і кіраваўся сваім старшым у родзе: прадзед, дзед, айцец, старшы брат або старшы па выбару. Адносіны ўнутры роду вызначаліся звычаямі. Пастановы роду прымаліся на радавым сходзе—вечы. Пад уплывам калянізацыі распаліся старыя радавыя сувязі і замяніліся адносінамі па суседзтву. Асновай грамадзка-палітычнага быту славян стала грамада, якая злучала некалькі патрыярхальных сем'яў, зьвязаных суседзтвам і супольнымі экономічнымі інтарэсамі. Утварэньне грамадзкіх саюзаў ня зьніштожыла радавых перажыткаў. Радавыя сувязі і адносіны захавалі сваю моц на працягу вельмі доўгага часу. У Беларусі, у Падзьвіньні і Прыдняпроўі радавыя сялянскія абяцаньні захавалі сваю сілу яшчэ ў другой палове XVI веку. Славянскія каляіністыя былі ўзаемна злучаны географічна, этнографічна і політычна. Крывічы, дрыгвічы і радзімічы мелі поўную магчымасьць падтрымліваць узаемныя зносіны і гэтым самым падрыхтоўваць будучае этнографічнае аб’яднаньне. Еднасьць мовы, быту, рэлігіі, заняткаў гэтак сама падрыхтоўвала аб’яднаньне славян у этнографічныя комплекты. Супольныя ўмовы політычнага жыцьця паасобных груп усходняга славянства павінны былі мець значны ўплыў на далейшы процэс політычнага аб’яднаньня ў адзіны этнографічна-політычны організм.