Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

Культура славян пасьля расьсяленьня. Грамадзкая організацыя магчыма толькі тады, калі маецца тэрыторыя, з якою зьвязаны беспасярэдна ці пасярэдна сельскія грамады. У цэнтральных мясцох грамад утварыліся ўмацованыя паселішчы, якія называліся гарадамі або гарадзішчамі. Асабліва шмат такіх ёсьць на Украіне. Горад у простым сэнсе гэтага слова азначае месца, агароджанае або землянымі валамі, або дзеравяннымі сьценамі, празначанае для прытулку і абароны. Канечнасьць захоўваць гарадзкія фортыфікацыі ў добрым стане спрыяла ўтварэньню пэўных сувязей паміж грамадамі. Паступова гарады сталіся асяродкамі жыцьця насяленьня ўсёй наўкольнай тэрыторыі. Гэткім чынам утварыўся ў палян Кіеў, у падзьвінскіх крывічоў—Полацк, у прыдняпроўскіх—Смаленск, у севяран—Чарнігаў і Любеч, у дрыгвічоў—Тураў і Пінск. Сельскія грамады, зьвязаныя з тым або іншым горадам экономічнымі і політычнымі інтарэсамі, паволі пачалі вылівацца ў тэрытарыяльныя зьяднаньні, якія выходзілі за межы грамадзкай організацыі. Утварыліся гэтак званыя гарадавыя воласьці, якія былі першапачатковай стадыяй у пераходзе ўсходня-славянскіх пляменьняў да больш разьвітых дзяржаўных організмаў, краін-земляў ХІ-ХІІІ стал.

Духоўная культура. Рэлігія. Рэлігійныя погляды ўсходняга славянства былі агульна-арыйскага пахаджэньня, і яны складаліся пад уплывам тых сіл прыроды, якія дапамагалі славяніну ў яго гаспадарчай дзейнасьці. Фэтышызм быў першай формай рэлігійнае сьвядомасьці славянства і выражаўся ў агульным распаўсюджаньні культу лесу і вады. Славяне пакланяліся вазёрам, балотам, студням, гаям і дрэвам. Другім момантам у рэлігійнай сьвядомасьці славянства было разьвіцьцё анімістычнага погляду на прыроду. Славянам пачало здавацца, што ўся прырода ажыўлена. Кожны прадмет, кожная праява прыроды былі адухоўлены і ў кожным з іх бачылася прысутнасьць жывога духа. Гэтыя духі маглі перасяляцца ў іншыя формы. Духі маглі прыняць форму зьвяроў, людзей, або мяшаную. Да ліку духаў прадметаў або праяваў прыроды адносяцца русалкі, лесавікі, вадзянікі. Адначасна з разьвіцьцём культу продкаў і прадстаўленьня аб душах памёршых паяўляюцца духі родавыя або сямейныя. Дамавы род, раджаніца—былі духамі родавымі і сямейнымі. І матар’яльная культура мела сваіх духаў-апякупоў. Жытні дзед і палявік былі апякунамі ральніцтва і жывёлаводзтва. Маюцца і злыя духі, якія прыносяць людзям няшчасьці: вупыры, ваўкалакі, дэманы, трасцы. З працягам часу рэлігійнае разьвіцьцё славян значна пасунулася наперад. У славян паявіліся свае вышэйшыя боствы. Агульна-распаўсюджаным культам быў культ Пяруна – бога грому і бліскавіцы, уладара неба, Даж-бог і Велес, якія ўвасабляюць сабою бога сонца, як крыніцу жыцьця на зямлі людзкога і жывёльнага, Сварожыч—бог агню. Вышэйшыя боствы—гэта богі паганскай інтэлігэнцыі-арыстократыі. Славянская народная маса знаходзілася на ніжэйшым стопню рэлігійнага разьвіцьця. Політычнае аб’яднаньне ўсходняга славянства ў Х веку было прычынай таго, што культы мясцовых вышэйшых бостваў былі перанесены ў Кіеў.

Культ. Паганскі культ не атрымаў глыбокага разьвіцьця. У славян ня было ні сьвятынь, ні духоўнікаў, ні балваноў. Апошнія паяўляюцца ў Кіеве толькі ў палове Х сталецьця, бязумоўна, пад уплывам хрысьціянства. Паганскі культ быў вельмі просты і складаўся з прынясеньня ахвяр дзе-колечы ў лесе, або каля рэчак ці вазёр. Прыслужнікамі культу выступалі ад імя сям‘і бацькі, ад імя грамады, воласьці—прадстаўнікі апошняй. У Х веку паяўляюцца прарокі-чараўнікі, якія мелі вялікі ўплыў на грамадзянства: ім прыпісваецца асаблівая моц у зносінах з боствам.

Замагільнае жыцьцё. Славяне былі перакананы, што жыцьцё чалавека не канчаецца адначасна са сьмерцю: душа пераносіцца ў невя-