Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная
І.

Тэрыторыя і яе мінулае.

І. Агульны выгляд.

Рэльеф. Славянскія пляменьні, якія асноўным ядром увайшлі у склад беларускага народу, засялялі паўночна-заходнюю часьць усходня-эўропэйскай раўніны, замкнёную ў чатырохкутніку рэк: Заходняй Дзьвіны, Нёману, Прыпяці, вышнявіны Дняпра з Бярэзінай. Паверхня першапачатковай беларускай тэрыторыі дзеліцца па свайму характару на дзьве часьці: паўночную—узгоркавую і паўднёвую—нізінную. Паўночна-ўсходняя часьць Беларусі зьяўляецца працягам сярэдня-расійскага ўзвышша. На паўночна-заходняй часьці раскінуты Вілейска-Нёманскія ўзвышшы, якія зьяўляюцца вадападзелам паміж вадазборамі Чорнага мора й Бальтыцкага. На поўначы тэрыторыі цягнецца ў палуднікавым кірунку з поўдня і паўднёвага-ўсходу на поўнач і паўночны-захад ад Віцебску Нэвэльска-Віцебская горная града, якая падымаецца над роўнем мора да 100—140 с. Усходняя часьць тэрыторыі, раскінутая ў паўднёва-заходняй часьці сярэдня-расійскага ўзвышша, мае хвалістую паверхню, на якой сустракаюцца ўзвышшы, да 147 с. вышыні над роўнем мора. Самае высокае ўзвышша „Окаўскі лес” злучае Валдайскае ўзвышша з сярэдня-расійскім узвышшам. Другая горная града цягнецца на паўднёвы захад ад Валдайскага ўзвышша і дасягае 100 с. вышыні над роўнем мора. Іншыя ўзвышшы падымаюцца на 120—140 с. над роўнем мора. Усе гэтыя ўзвышшы зьяўляюцца вадападзелам паміж Волжскім, Заходня-Дзьвінскім і Дняпроўскім рэчнымі вадазборамі. Паўднёвая часьць беларускай тэрыторыі—гэта ёсьць багніста-лясістая нізіна, гэтак званае Палесьсе. Толькі ўздоўж крутых і высокіх правых берагоў Прыпяці, асабліва каля Мазыра, знаходзяцца мясцовасьці, якія крыху падымаюцца над агульным роўнем, гэта аднак нязначна зьмяняе агульны характар мясцовасьці.

Абвадненьне. Рэкі Беларусі прыналежаць да чатырох галоўных рэчных вадазбораў: Нёманскага, Заходня-Дзьвінскага, Дняпроўскага і часткай Волжскага. Першыя два рэчныя вадазборы ўваходзяць у склад вадазбору Бальтыцкага мора. Два апошніх рэчных вадазборы зьяўляюцца часткамі вадазбораў Чорнага й Касьпійскага мораў. Вадападзеламі, як паміж морскімі, гэтак і паміж рэчнымі вадазборамі, зьяўляюцца ўзвышшы, раскінутыя на тэрыторыі. Віленска-Нёманскія ўзвышшы аддзяляюць Бальтыцкі вадазбор ад Чарнаморскага, „Окаўскі лес” зьяўляецца вадападзелам паміж Дняпром з аднаго боку і прытокамі Заходняе Дзьвіны і Волгі—з другога. Узвышша, што знаходзіцца на паўднёвы-захад ад „Окаўскага лесу", зьяўляецца вадападзелам паміж прытокамі Заходняй Дзьвіны і Дняпром. Іншыя ўзвышшы аддзяляюць вадазбор Дняпра ад вадазбору Волгі. На поўначы тэрыторыі цячэ