Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

вялізнае гандлёвае значэньне ў ва ўсходнім сярэднявякоўі. Хазары падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з Візантыяй і Крымам, а гэтак сама з пэрсамі, арабамі і Туркестанам. Энэргічныя баўгары сьціналіся на купецкіх караванах да Ітыля і назад. У сталіцу баўгарскага царства ішлі гандлёвыя караваны з Туркестану, Пэрсыі і Арабіі. Баўгары скуплялі ўсе тавары ад усходніх купцоў і не прапушчалі іх далей на Захад. Хазарскі і баўгарскі гандаль зьявіліся пасярэднікамі паміж Усходам з аднаго боку і славяна-фінскімі пляменьнямі з другога: славянабаўгарскія і хазарскія гандлёвыя зносіны вельмі раньняга паходжаньня, быць можа з паловы VIII веку. У першай палове ІХ веку, паводле вестак араба Хордадбэ, славянскія купцы часта наведваліся ў Хазарыю, што пацьвярджаецца нумізматычнымі скарбамі VIII і ІХ ст. ст. Знахаджэньне ў Прыбальтыцы і на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Русі монэт волжскіх баўгар VIII—Х вякоў сьведчыць аб старажытнасьці славянскіх гандлёвых сувязей з сярэднім Паваложжам. Аб гандлі славян з далёкім усходам паведамляе арабскі пісьменнік Ібн Хордадбэ, які адзначае, што гандаль вёўся ня толькі на узьбярэжжы Касьпійскага мора, але што славянскія купцы гэтак сама беспасярэдна езьдзілі ў Багдад. Па гэтай дарозе славянскія купцы ў пазьнейшую пару (XIV в.) праніклі ў Індыю. Гандаль з Усходам меў караванны характар. Купецтва дзеля гандлю складала асаблівыя гандлёвыя грамады з супольным капіталам. Купцы выяжджалі ў дарогу ўзброенымі і ў дарозе займаліся паляўніцтвам, рыбацтвам і грабествам фінскіх паселішчаў.

Прадметы вывазу і ўвозу. Праз хазар і баўгар прывозіліся да славян: індыйскія і кітайскія бавалняныя і шаўковыя тканіны, дываны, перац, прыправы, каштоўныя каменьні, залатыя і срэбныя рэчы, асабліва паясы і конскія ўбёры, дамаскія шаблі, нажы і інш. Смальняне і ноўгарадцы прадавалі арабскім, хазарскім і баўгарскім купцом розныя хутры: сабольлі, вавёрчыны, кунічныя, гарнастаевыя, лісьсі, бабровыя, заячыя, козьзі скуры, бабровую струю, юхт, авец, рагатую жывёлу, бурштын, арэхі, бярозавы лес, мёд, воск і славянскіх нявольніц. У галодныя гады баўгары дастарчалі смальнянам збожжа. Беларускія купцы асабліва цанілі пэрлы зялёныя, якія былі нацыянальнымі беларускімі ўбёрамі смаленскіх жанчын. У курганох Віцебшчыны і Смаленшчыны, а гэтак сама ў Даніі і Швэцыі былі знойдзены ў вялікай колькасьці: гранёныя карніолі акруглай формы, шкляныя пацеркі, нашыйныя брансалеты, пярсьцёнкі, запясьці, нашыйнікі—усё вырабы ўсходняе арабскае культуры. Гэтак сама ў літоўскіх курганох было знойдзена шмат прадметаў усходняе работы, якія папалі туды праз гандаль са смальнянамі і сьведчаць а калянізацыі беларусамі—смальнянамі тэрыторыі, заселенай літоўскімі пляменьнямі. Гэта калянізацыя мела зусім спакойны характар і не спатыкала з боку літвінаў ніякага актыўнага адпору.

Значэньне ўсходняга гандлю. Смальняне, зьяўляючыся пасярэднікамі паміж усходам і захадам ува ўсходнім гандлі, выдзяляліся ў складзе Кіеўскае дзяржавы. Вялізнае экономічнае значэньне Смаленску і яго гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам паднімалі політычную вагу Смаленскае зямлі і гэтым самым падрыхтоўвалі будучы экономічны і політычны росквіт Смаленскага княства.

Печанегі і тюркі. Хазарскае царства, дзякуючы свайму географічнаму палажэньню, мела вялізнае для славян стратэгічнае значэньне. Хазары, стрымліваючы націск азіяцкіх народаў, далі магчымасьць славянскаму пляменьню калянізаваць узьбярэжжа Чорнага і Азоўскага мора, якое мела вялікае гандлёвае значэньне. Славянскія каляністыя заснавалі на Таманскім паўвостраве славянскую калёнію Тмутаракань, праз якую праходзіў гандлёвы шлях па Судак. Аслабленьне Хазарскага царства і далейшы заняпад апошняга адчынілі свабодны доступ