Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

азіяцкім народам, у паасобку печанегам, якія ўжо ў ІХ ст. вандравалі паміж Волгаю і Уралам. Пад націскам хазараў, яны падаліся на захад, адапхнулі вэнграў і занялі стэпы ад вусьця Дону да Дняпра. Калянізаваўшы чарнаморскія і прыазоўскія стэпы, яны сагналі мясцовае славянскае насяленьне, якое было прымушана падацца на поўнач. Прыблізіўшыся да межаў Кіеўскае дзяржавы, печанегі захапілі паўднёвыя гандлёвыя шляхі і гэтым самым прычынілі вялікі ўшчэрбак паўднёваму гандлю. Адначасна напады печанегаў на пагранічныя мясцовасьці набылі пастаянны характар. Уладзімір Сьвятаславіч быў прымушаны будаваць гарады па рэчках Дзясьне, Астру, Трубежы, Суле і Стужы. Яраслаў Уладзіміравіч у далейшым цягу праводзіў політыку свайго бацькі, умацаваўшы рэчку Рось. У пачатку XI веку торкі прагналі печанегаў з паўднёвых стэпаў. Барацьба з вандроўнікамі, якая вымагала вялікага напружаньня матэрыяльных і духоўных сіл, падарвала экономічную моц і еднасьць Кіеўскае дзяржавы і, зьмяншаючы політычнае значэньне Кіева, падрыхтавала выдзяленьне беларускіх краін з складу Кіеўскай дзяржавы. Набегі печанегаў і тюркаў зусім не закраналі ўсходняга гандлю смальнян і ноўгарадцаў, экономічнае значэньне якіх усё павялічвалася. З свайго боку смальнянам удалося наладзіць зносіны з печанегамі, адкуль Смаленская краіна атрымлівала коняў і рагатую жывёлу. Дзякуючы гэтаму смальняне сталі дастаўцамі рагатае жывёлы і коняў для усёй Беларусі.

Г). Грамадзянства ў эпоху дынастычнае дзяржавы.

Склад грамадзянства. У эпоху дынастычнае дзяржавы ня было станаў, як групы асоб, якая сваімі правамі і прывілеямі адрозьнівалася-б ад іншае групы. Грамадзянства дзялілася па месцы свайго замяшканьня на дзьве групы: на гарадзкое і на сельскае. З другога боку ўсё грамадзянства ў юрыдычных адносінах падзялялася на вольных і нявольных. У свой чарод у гарадзкім грамадзянстве было дзьве катэгорыі асоб. Адна катэгорыя складала княжае грамадзянства —дружыну. У другую ўвайшлі ўласна гарадзкія элемэнты—гэтак званая земшчына.

Дружына. Княжая дружына складала вышэйшы стан у дынастычнай дзяржаве. З нацыянальнага боку склад дружыны быў даволі пярэсты. Асноўным ядром дружыны былі спачатку норманы, да іх з часам далучыліся розныя аматары прыгодаў і пашукальнікі шчасьця, як-то: ліцьвіны, фіны і славяне. Умова Алега з грэкамі, у якой пералічаны дружыньнікі, пасланыя Алегам дзеля завязаньня ўмовы, сьведчыць а нацыянальнай рознастайнасьці ў асяродзьдзі дружыньнікаў.

Усе гэтыя: Каралі, Фарлов, Інегелд, Верэмут, Рулаф, Туды, Руалд, Карн, Фрэлав, Руар, Актэву, Труон, Лідульфост, Стэнір—прыналежалі да норман. У дагаворы Ігара спатыкаюцца паміж дружыньнікаў славяне і яцьвягі. Ў летапісе гэтак сама спатыкаюцца чыста славянскія іменьні дружыньнікаў: Вышата, Блуд, Сінько, Сьвянельд. У князя Барыса Ўладзіміравіча ўлюбёнцам дружыньнікам быў „угрын". Князь Глеб Уладзіміравіч быў забіты дружыньнікам „торчыном" па пахаджэньню. Дружыньнікі—бліжэйшыя спадручныя князя, з якімі ён адбывае свае паходы і бароніць гандлёвыя шляхі. З-паміж дружыньнікаў выдзяляліся асобы, якія былі найбольш блізкімі да князя: Сьвянельд—пры Ігару, Блуд—пры Яраполку, Дабрыня—-у князя Уладзіміра. З-паміж дружыньнікаў назначаліся пасаднікі ў падлеглыя князем гарады. Гэтак пры заваяваньні Смаленску і Любеча Алег пакінуў у іх сваіх пасаднікаў. Дружына харчавалася і жыла на кошт князя. Дружына дзялілася на дзьве групы: старэйшую і малодшую. Першая, зьяўляючыся бліжэйшым дарадчыкам князя, складала яго асноўную ваенную сілу. Другія, вядомыя пад назовам „детскіе", „открокі”, „гріді", адбывалі розную службу пры княжым двары. Гэтак, калі Вольга частавала драў-