Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

лянскіх старшын, то за сталом прыслужвалі „отрокі"; падарункі, прысланыя грэкамі князю Святаславу, былі схованы „отрокамі". З малодшай дружыны з часам можна было перайсьці ў старэйшую, у баярства.

Земскія баяры. Побач з дружыньнікамі трэба паставіць земскіх баяр, вядомых у „начальным летапісе" над назовам „градскіх старцев", „нарочітых людей". Гэта прадстаўнікі гарадзкога грамадзянства, быць мо‘ патомкі радавых старэйшын, асобы, якія карысталіся аўтарытэтам у грамадзянства, або дзеля свайго становішча, або з прычыны свайго багацьця, дзякуючы якому паасобныя разбагацеўшыя асобы маглі заняць у гарадзкім грамадзянстве выдатнае становішча. Гэтая радавая або купецкая арыстакратыя мела вялікае значэньне, напрыклад, драўлянская—ў барацьбе з Кіеўскай зямлёй, „нарочітые люді" у горадзе Белградзе, у часе яго аблогі праз печанегаў у 997 годзе, калі за парадаю аднаго старца была адложана здача гораду печанегам. Уладзімір Сьвятаславіч, абгаварваючы пытаньне аб прыняцьці хрысьціянства, меў нараду з гарадзкімі старцамі.

Пачатак злучэньня. Дружынны і земскі баярскі элемэнт быў супроць пастаўлен адзін другому. Адзін блізкі да князя, — другі да насяленьня. З працягам часу адбываецца процэс збліжэньня дружынных элемэнтаў з земскімі, якія пачалі ўваходзіць у склад княжай дружыны. Гэты паварот стаў асабліва прыметны пры Ўладзіміру Сьвятаславічу і яго сыне Яраславе.

Гараджане. Другую групу гарадзкога насяленьня складалі „госьці", купцы, якія прымалі ўдзел у замежным гандлі. У дагаворы Ігара купцы ўпамінаюцца, як члены пасольства, якія завязалі дагавор з грэкамі. Рэшта гараджан займаліся ральніцтвам, а часткаю рамёсламі.

Сельскае насяленьне. Вольныя насельнікі, што жылі ў вёсках, называліся сьмердамі; яны займаліся ральніцтвам і іншымі промысламі і плацілі дань князём.

Рабы. Нявольнае насяленьне складалі рабы, а якіх ужо ўспаміналася ў дагаворах з грэкамі. Палон зьявіўся галоўнай крыніцай рабства. Рабы, уцёкшыя ў Грэцыю, павінны быць выданы, калі іх знойдуць, і пры гэтым не вымагаецца ніякага судовага сьледзтва.

Д). Дзяржаўны ўклад.

Княжая ўлада. Улада князя мела аднаасабовы характар. Барацьбой за самаўладзтва тлумачацца ўсе княжыя ўзаемаадносіны ў пэрыод ІХ—XI ст. Алег, Ігар, Вольга і Сьвятаслаў кіравалі самаўладна Кіеўскай дзяржавай. Па сьмерці Сьвятаслава засталіся тры сыны: Яраполк, Уладзімір і Алег. Грамадзянская вайна закончылася перамогай на баку Уладзіміра, які згуртаваў у сваіх руках кіраўніцтва ўсёй Кіеўскай дзяржавай. Барацьба, якая распачалася па сьмерці Уладзіміра Сьвятаславіча паміж Сьвятаполкам і Яраславам, закончылася перамогаю на баку апошняга. Новая барацьба з братам Мсьціславам Тмутараканскім прымусіла Яраслава разьдзяліць уладу з братам, па сьмерці якога кіраўніцтва ўсёй Кіеўскай краінай зноў было згуртавана ў адных руках. Норманскія князі, прыбыўшы ў славянскія гарады, засталі тут ужо асталяванае гарадзкое жыцьцё, з формамі якога яны не маглі ня лічыцца.

Веча. У гарадох мы бачым народнае веча, якое разглядаецца летапісцам, як форма славянскага жыцьця, якая існавала „ізначала”. Пры пэўнай слабасьці княжае ўлады і пры нязначным аб’яднаньні у політычных адносінах паасобных краін з Кіевам, народнае веча павінна было йграць у жыцьці краін выдатную ролю, хаця канечнасьць абароны гандлёвых шляхоў ад нападу вандроўнікаў у значнай меры спрыяла політычнаму ўмацаваньню ўлады кіеўскага князя, ня гледзячы на існаваньне князёў і ў іншых землях.