Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

ня толькі самому прыняць хрысьціянства, але і офіцыяльна падтрымліваць і пашыраць апошняе. Грунт для прыняцьця хрысьціянства быў падрыхтаваны ўсім папярэднім ходам візантыйска-славянскіх адносін.

Апавяданьне а хрышчэньні Ўладзіміра. Летапіснае апавяданьне а хрышчэньні Уладзіміра дае нам падрабязны малюнак самога факту. У гэтым процэсе апавяданьне адзначае тры мамэнты. Спачатку да Ўладзіміра прышлі паслы—казальнікі баўгарскія, нямецкія, хазарскія і грэцкія. Кожны з іх хваліў сваю веру. Уладзімір застаўся нездаволеным ні іюдэйствам ні магамэтанствам; больш за ўсё яму спадабалася казаньне грэцкага філёзофа, асабліва, калі апошні разьвінуў перад ім малюнак страшнага суду. Затым Уладзімір паслаў сваіх мужоў для азнаямленьня з рознымі рэлігіямі. Грэцкае праваслаўнае набажэнства больш за ўсё спадабалася паслом. Паслы раілі Ўладзіміру прыняць хрысьціянскую веру, падкрэсьліваючы пры гэтым, што яе прыняла і яго бабка Вольга. Схіліўшыся на бок хрысьціянства, Уладзімір адправіўся ў паход на Корсунь і аблажыў яго. Тут-жа пад Корсунем, дзякуючы цуду, адбылося хрышчэньне Ўладзіміра, сьледам за якім адбыўся і шлюб Уладзіміра з сястрою візантыйскіх імпэратараў Васіля і Константына—Ганнай. Гэтае апавяданьне, у якое ўвайшлі тры легэнды, падае толькі тры верыгодных факты: хрышчэньне Ўладзіміра, паход на Корсунь і шлюб з Ганнай. Гандлёвыя сувязі Кіева з Усходам, Захадам і Візантыяй рабілі з Кіева цэнтр, дзе сутыкаліся прадстаўнікі розных рэлігійных кірункаў, і кожны кіеўлянін меў поўную магчымасьць пазнаёміцца ў Кіеве з істотаю тае ці іншае рэлігіі. Уладзімір хрысьціўся па ўласнай ініцыятыве, і само хрышчэньне адбылося ня ў Корсуні, а каля Кіева, за два гады да паходу на Корсунь.

Паход на Корсунь. Гандлёвыя зносіны, што існавалі паміж Кіевам і Візантыяй, былі аднака важны, як для славян, так і для Візантыі. Аднак Візантыйскі ўрад рабіў кіеўскаму гандлю розныя перашкоды. Асабліва гэта мела месца з тых часоў, калі,князь Сьвятаслаў панёс няўдачу на Баўканскім паўвостраве. З гэтым не маглі пагадзіцца ні кіеўскі ўрад, ні кіеўскія купцы—дружыньнікі. Уладзімір у 985 годзе, карыстаючыся барацьбою баўгарскага цара Сымона з грэкамі, у саюзе з баўгарамі выступаў супроць грэкаў. Пры дапамозе кіеўскіх войск, грэкі былі разьбіты пры Сардзіку, і дзякуючы гэтаму адчыніўся шлях за Баўканы. Паход за Баўканы не адбыўся з тае прычыны, што грэкі пасьпяшылі заключыць мір з Сымонам Баўгарскім. Ня гледзячы на гэта, становішча Візантыйскага імпэратара было вельмі цяжкім. Вайскаводца Варда-Фока падняў паўстаньне. Імпэратар Васіль і яго брат ня мелі магчымасьці змагацца з мяцежнікам і зьвярнуліся за дапамогаю да кіеўскага князя. Уладзімір згадзіўся даць на дапамогу войска пры ўмове, што браты выдадуць за яго сваю сястру Ганну. Імпэратар згадзіўся, але з тэй аднак умовай, каб Уладзімір ахрысьціўся. Кіеўскі князь выпаўніў усе прынятыя на сябе ўмовы. На дапамогу імпэратару быў пасланы шасьцёхтысячны аддзел войска, які дапамог Васілю ўсьмірыць паўстаньне. Аднак імпэратар і яго брат адмовіліся выдаць за яго сваю сястру. Гэтая адмова прымусіла князя Уладзіміра паслаць ваенную экспэдыцыю ў Крым на Корсунь—выдатнейшы цэнтр грэцкага гандлю на паўночным беразе Чарнаморскага ўзьбярэжжа. Аблога Корсуня закончылася для Ўладзіміра ўдачна. Корсунь быў узяты. Катастрафічнае становішча Візантыйскае імпэрыі прымусіла цара Васіля распачаць перагаворы з Уладзімірам і згадзіцца на выпаўненьне раней падпісанага абавязаньня—выдаць за Ўладзіміра сястру Ганну. Апошняя прыехала ў Корсунь, дзе і адбыўся шлюб яе з Уладзімірам. Заваёваны Корсунь быў зьвернуты імпэратарам „за вено“, у якасьці выкупу за жонку, а сам Уладзімір, забраўшы з сабою абразы і царкоўнае начыньне, у таварыстве з грэцкім духавенствам накіраваўся ў Кіеў.