Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

Кіеўская дзяржава. Полацкая зямля не ўвайшла ў склад Кіеўскае дзяржавы. Яраславу Першаму прышлося пайсьці на пэўныя ўступкі князю Брачаславу (1029), і тым самым прызнаць самастойнасьць Полацкае зямлі. Ад географічнага палажэньня залежалі далейшыя ўзаемныя адносіны паміж полацкімі і кіеўскімі князямі, якія ніяк не маглі дапусьціць існаваньне незалежнай ад Кіева краіны, раскінутай на важным гандлёвым шляху з поўначы на поўдзень. Барацьба за гандлёвыя шлахі вызначала ўсе ўзаемныя адносіны паміж Полацкай зямлёй і Кіеўскай дзяржавай. Абедзьве старонкі карысталіся ўсімі політычнымі сродкамі, якія маглі прывесьці даўную барацьбу Полацку з Кіевам да памысных рэзультатаў для аднае з ваюючых старон. Барацьба становіцца асабліва напружнай пры Ўсяславе Брачаславічы (1044—1100), які зьяўляўся ўвасабленьнем ідэі незалежнасьці Полацкае зямлі ад Кіева і політычнага яе ўмацаваньня.

Усяслаў Брачаславіч. Аб асобе князя Ўсяслава захавалася ня шмат летапісных і літаратурных вестак. Адзначаючыся вялікім розумам, энэргіяй і працаздольнасьцю, княз Усяслаў рабіў вялікае ўражаньне на сучасьнікаў. Яго праціўнікі ў асобе аўтара „Начальнага летапісу" папракалі полацкага князя крыважэрнасьцю і лютасьцю. Народная фантазыя атуліла асобу князя Ўсяслава элемэнтамі поэтычнага вымыслу. Захаваўшаеся ў летапісе поэтычнае паданьне акружае пахаджэньне князя Ўсяслава цудоўнымі акалічнасьцямі. Паданьне кажа, што ён радзіўся ад чараўніцтва і што ў яго на галаве была пляма, якая за нарадай чараўнікоў была пакрыта павязкай. Сама пляма на галаве мела нейкую чароўную моц. Аўтар „Слова а палку Ігаравым" дае дасканалую характарыстыку полацкага чарадзея: „князь Ўсяслаў людзям суд даваў, князем гарады парадкаваў а сам воўкам бегаў. З Кіева да пятухоў ён дабягаў да Тмутаракані, воўкам перасякаючы шлях Вялікаму Хорсу. У Полацку звоняць завутраню ў сьвятой Софіі, а ён ў Кіеве звон чуе. Хаця і вешчая душа ў целе, але часта беды пераносіць". Князь Усяслаў прадстаўляецца аўтару „Слова" у такім выглядзе, што можа быць узорам для насьледаваньня іншым. Насяленьне Полацкай зямлі глядзела на князя Ўсяслава, як на свайго абаронцу. Вось менчане, абложаныя Яраславічаў, доўга бараніліся, не жадаючы здавацца, і чакалі дапамогі ад полацкага князя. Энэргія і спрытнасьць князя Ўсяслава знайшла сабе адбітак у працяжнай гэроічнай барацьбе з Яраславічамі. Гэтая барацьба высока падняла аўторытэт полацкага князя і Полацкай зямлі і ў той-жа час яна не адпавядала тым рэальным сродкам, якія былі ў насяленьня. З гэтае прычыны тая працяжная барацьба, якую ўвесь час падтрымліваў князь Усяслаў, павінна была закончыцца поўнай няўдачай і прывясьці Полацкую зямлю да экономічнага і політычнага заняпаду, ставячы яе на палажэньне ўтаразначнай краіны. Політычным замыслам Усяслава адпавядалі і політычныя адносіны да Кіеўскае дзяржавы.

Кіеўская дзяржава пасьля сьмерці Яраслава Першага. Дынастычная дзяржава Яраслава Першага пасьля яго сьмерці (1054) падлягае ўнутранаму раскладу. Кіеўская дзяржава, зложаная з паасобных зямель-краін, зьвязаных з Кіевам толькі экономічнымі адносінамі, была ўнутры вельмі слабай. Землі-краіны маглі вызваліцца з-пад уплыву Кіева, як толькі спыніцца, ці аслабее экономічны пацяг да Кіева. Гэтае зьявішча рэзка праявілася крыху пазьней, але пачатак тут быў зроблен тады, калі сам Яраслаў падзяліў Кіеўскую Дзяржаву. Гэты падзел меў такі характар: старшы сын Ізяслаў атрымаў Кіеў, Сьвятаславу быў адданы Чарнігаў і Ўсеваладу—Пераяслаў, Вячаслаў атрымаў Смаленск і Ігар—Уладзімір-Валынск. Старэйшы ўнук Расьціслаў Уладзіміравіч атрымаў Ростаў. Апрача гэтага ў руках Ізяслава знаходзіўся Ноўгарад. Сьвятаславу была дабаўлена Мурама-Разанская зямля. А ўладаньне Усевалада павялічылася Суздалем і Белавозерам.