Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

Паводле Яраслаўскага тэстамэнту, Ізяслаў, як старэйшы член княжай сям'і быў пастаўлены на „отца место", што павінна было забясьпечыць Кіеўскую дзяржаву ад распаду. Тэстамэнт Яраслава сьведчыць аб адасобненасьці краін адна ад другой і аб самастойнасьці іх унутранага жыцьця. Паяўленьне ў краінах мясцовых дынастый павінна бділо спрыяць яшчэ большаму замацаваньню адасобненасьці. Сама ідэя падзелу дзяржавы бярэ пачатак у нормах агульна-славянскага сямейнага права. Апошняму добра вядома непадзельная колектыўная ўласнасьць, якая ў выпадку падзелу паміж суўласьнікамі дзеліцца на роўныя долі. Кіеўская дзяржава разглядалася, як супольная ўласнасьць усёй княжай сям'і, на чале якой стаяў Яраслаў. Раз кожны член княжай сям'і мае права на долю ў спадчыне, то ўсе долі павінны быць роўныя, бо правы ўсіх членаў аднакія. Парушэньне правоў аднаго з сунасьледнікаў выклікае канечнасьць узнаўленьня парушанага права. Адгэтуль бяруць свой пачатак непаразуменьні ў княжай сям'і, якія прыходзіцца развязваць аружжам. Агульныя нормы славянскага права ня выконваліся старшымі Яраславічамі. Ідэя адзінства княжай сям'і выявілася няжыцьцёвай. Пасьля сьмерці братоў Вячаслава і Ігара Яраславічы далучылі іх часьці да сябе. Кіеўская дзяржава апынулася у ўладаньні брацкага трыюмвірату: Ізяслава, Сьвятаслава і Ўсевалада. Коаліцыя Сьвятаслава і Усевалада прымусіла Ізяслава пакінуць Кіеў. Кіеўскай дзяржавай кіравалі два браты. У 1075 годзе Сьвятаслаў памёр. На чале Кіеўскай дзяржавы апынуўся Усевалад. Але часы самаўладзтва прамінулі. Усеваладу прышлося пагадзіцца з паяўленьнем у Кіеве Ізяслава. Насьледзьдзе Яраслава апынулася ў руках двох братоў—Ізяслава і Ўсевалада. Кіеўская дзяржава была падзелена наступным чынам: Ізяслаў атрымаў Кіеў, Ноўгарад, Валынь і Тураў—тэрыторыю якая прылягае да вадазбору правага берагу Дняпра, за включэньнем Ноўгараду, як ключа ад шляху з „вараг у грэкі"; Усевалад атрымаў: Пераяслаў, Чарнігаў, Смаленск, Ростаў, Суздаль. Калі памёр Ізяслаў (1077), то Усевалад сеў „на столе отца своего і брата". Уся Кіеўская дзяржава была аб'яднана пад уладаю Ўсевалада (1079). Такая політыка Яраславічаў, у паасобку Усевалада, парушала агульныя нормы славянскага права. Князі, пазбаўленыя сваіх айчын, не маглі з гэтым пагадзіцца і пачалі са зброяй у руках дабівацца, каб парушанае права было ўзноўлена. Алег Сьвятаславіч у коаліцыі з полаўцамі і стрыечным братам, Барысам Усяславічам, пачалі барацьбу супроць Усевалада. Першы пэрыод барацьбы быў няўдачны для кааліцыі (1079), але пляменьнікі Ўсевалада не апускалі рук. Яны ў далейшым цягу вялі барацьбу з дзядзькам, і Усеваладу прышлося пайсьці на значныя ўступкі—аддаць сваім пляменьнікам тыя воласьці, у якіх сядзелі іх бацькі. Смаленская зямля засталася у ўладаньні Усевалада, а Сьвятаполк Ізяславіч атрымаў Тураў і Пінск. Пасьля сьмерці Ўсевалада Сьвятаполк Ізяславіч, Уладзімір Усеваладавіч, Алег і Давід Сьвятаславічы, Давід Ігаравіч, Васілько Расьціславіч, сабраліся на зьезд у Любечы (1097), на якім прынялі пастанову, каб кожны князь трымаў сваю айчыну. Падзел Кіеўскай дзяржавы фактычна закончыўся. Краіны пачалі жыць сваім паасобным жыцьцём. Шэраг зьяваў экономічнага характару ў выглядзе скарачэньня дняпроўска-візантыйскага гандлю прысьпяшылі процэс распаду.

Барацьба з полаўцамі. Знадворнае становішча Кіеўскае дзяржавы пасьля сьмерці Яраслава было ня надта добрым. Пры в. князю Ізяславе Кіеў стыкнуўся з сталовымі драпежнікамі—полаўцамі, напады якіх станавіліся вельмі частымі. Уладзімір Усеваладавіч Манамах у сваім „Навучэньні" паведамляе, што полаўцы робяць набегі і забіраюць палонных „На всяко лето у веже своя".

Барацьба Полацку з Кіевам. Склаўшыяся ў Кіеўскай дзяржаве ўнутраныя і знадворныя акалічнасьці былі прыняты пад увагу Уся-