Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

славам. Спачатку Ўсяслаў і Кіеўскія князі жылі згодна. Але гэтая згода была кароткачасовая. Старэйшыя Яраславічы: Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, стараючыся захапіць у свае рукі ўладу над усёй Кіеўскай дзяржавай, не маглі пакінуць бяз увагі і Полацку, самастойнае палажэньне якога пагражала гандлёвым шляхам з „вараг у грэкі". Стычка Полацку і Кіева была абсолютна няўхільнай з прычыны політычных і экономічных супярэчнасьцей паміж імі. Напады полаўцаў прымусілі Усяслава пачаць барацьбу з Яраславічамі. Каб задаць Кіеву хутчэйшы ўдар, Усевалад пачаў вайну супроць Пскова, але гэты паход закончыўся няўдачна (1065). У наступным годзе Усяслаў ідзе на Ноўгарад. На гэты раз паход быў удачны. Ноўгарад быў узяты. Было забрана шмат палонных, жанчын і дзяцей, аграблен Сафійскі сабор. Гэты факт ня мог прайці бяскарна для Усяслава: Яраславічы не маглі дапусьціць умацаваньня Усяслава і паўтарэньня набегаў на Ноўгарад, якія былі гэтак небясьпечны для кіеўскага гандлю. Яраславічы ўтрох узімку (1067). калі палавецкія набегі фактычна былі немагчымы, напалі на Полацкую землю. Яраславічы накіравалі свае сілы на Менск і аблажылі яго. Усяслаў ня мог падаць у свой час дапамогі менчанам. Горад быў узяты, а насяленьне было або перабіта, або забрана ў палон. Усяслаў, які сьпяшыў на дапамогу, сустрэўся з саюзьнікамі братамі на рэчцы Нямізе. У бойцы 3-га сакавіка Ўсяслаў быў разьбіты. Аўтар „Слова а палку Ігараве“ гэтак апісвае гэтую крывавую бойку: „На Немізе снопы стелют галовамі, молотят хоролужнымі цепами, на току жізнь кладут, веют душу от тела“. „Крывавыя берагі Нямігі былі ўсеяны ня жытам, але касцьмі рускіх сыноў". Пасьля гэтай бойкі на рэчцы Нямізе, разьбіты Ўсяслаў, падобліва, папрабаваў сабраць новае войска. У чэрвені ён быў у Воршы. Яраславічы запрапанавалі Ўсяславу прыехаць да іх у стан дзеля перагавораў і цалавалі крыж у той знак, што яны яму ня прычыняць ніякае шкоды. Аднак Яраславічы ня стрымалі свайго слова—яны задумалі пазбавіцца свайго небясьпечнага праціўніка. Калі Ўсяслаў прыехаў у іх стан, Яраславічы яго зьвязалі і ў кайданох адаслалі ў Кіеўскую турму.

Кіеўская рэволюцыя. У той час, калі Ўсяслаў сядзеў у Кіеўскай турме, Кіеў перажываў цяжкі момант. Полаўцы напалі на Кіеўскую дзяржаву. Яраславічы былі разьбіты і кінуліся наўцекі. Полаўцы перайшлі на правы бераг Дняпра і ўсё спусташалі агнём і мячом. Ізяслаў не рабіў нічога дзеля абароны і нават ня выдаў кіеўлянам зброі. Тады ўзбураны натоўп сабраўся каля турмы Усяслава, вызваліў яго і апавясьціў яго сваім князем. Ізяслаў уцёк у Польшчу да караля Баляслава. Сьвятаслаў і Ўсевалад ня прымалі ніякіх крокаў супроць новага кіеўскага князя (1068). Аднак Ізяслаў, атрымаўшы дапамогу ад караля Баляслава, пайшоў паходам на Ўсяслава, які гэтак сама выгнаў з войскам і затрымаўся ў Белгарадзе. Ізяслаў меў у Кіеве даволі значны лік саюзьнікаў. Усяслаў ня мог спадзявацца, што яго становішча ў Кіеве ўзмоцніцца. З гэтае прычыны ён пакінуў кіяўлян і ўцёк у Полацк. Кіяўляне вярнуліся дамоў. Ізяслаў падступіў да Кіева і прымусіў насяленьне здацца на яго волю. Прагнаўшы Ўсяслава з Кіева, Ізяслаў пастанавіў прасьледаваць яго ў самой Полацкай зямлі. У рэзультаце гэтага, Усяслаў быў выгнаны з Полацку, а яго месца занялі сыны Ізяслава, спачатку Мсьціслаў, а пасьля Сьвятаполк.

Барацьба за Полацк. Энэргічны Ўсяслаў ня мог пагадзіцца ні з сваім становішчам, ні з тым, што яго айчына папала ў залежнасьць ад Кіеўскае дзяржавы. Усяслаў пачаў рыхтавацца да новае барацьбы. Сабраўшы войска, Усяслаў намерыўся ўдарыць Ізяслава па самым балючым месцы Кіеўскае дзяржавы—па Ноўгараду. Але паход на Ноўгарад закончыўся для Ўсяслава няўдачна (1069). Новая няўдача не паменшыла энэргіі Ўсяслава. Яму зноў удалося сабраць войска, і на гэты раз ен прагнаў з Полацку пасаднікаў Ізяслава. Седзячы ў По-