Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

лацку, Усяслаў сачыў за адносінамі паміж братамі. Няпэўнае становішча Ізяслава прымусіла Усяслава распачаць нейкія перагаворы з Ізяславам, якія дорага каштавалі апошняму. Сьвятаслаў і Усевалад выгналі свайго брата з Кіева. Усё княжаньне Сьвятаслава Усяслав правёў спакойна ў Полацку. Аб'яднаньне ўсёй Кіеўскай дзяржавы пад уладаю Усевалада было вялікай пагрозай для політычнага існаваньня Полацкай зямлі. Канечна трэ’ было аслабіць кіеўскага князя. Унутранае і знадворнае становішча спрыяла гэтаму. Усяслаў зноў ухапіўся за свой выпрабаваны стратэгічны плян—паход на Ноўгарад (1076). Усевалад адказаў двума паходамі на Полацк. Уладзімір-Манамах разам з Полаўцамі зрабіў летні паход супроць Полацку. А Сьвятаполк Ізяславіч напаў на Полацк з Ноўгараду ўзімку, ў гэтым-жа годзе. Уся Полацкая зямля была спустошана. Тады Усяслаў накіраваўся на землі Манамаха ў Смаленск. Уладзімір Манамах з сваёй чарнігаўскаю дружынаю, не адкладваючы, пайшоў на выручку Смаленску. Але Ўсяслаў пасьпеў у час адыйсьці. Тады Ўладзімір Манамах пайшоў сьледам за ім, спустошыў Полацкую зямлю і спаліў гарады: Лукомль, Лагойск і Друцк. Відавочна, Усяслаў на гэта адказаў нейкім зваротным манэўрам, бо Уладзімір Манамах падступіў да Менску з вялікім войскам з чарнігаўцаў і полаўцаў. Уладзімір Манамах узяў горад Менск і паступіў надзвычай люта: „не пакінулі ні чалядзінца, ні скаціны, усё разграбілі, папалілі",—гэтак паведамляе аб гэтым сам Манамах у сваім „Навучэньні” (1083). Спустошыўшы Полацкую зямлю і пабіўшы менчан, Уладзімір Манамах вярнуўся ў Кіеў. Далейшая барацьба паміж Полацкам і Кіевам была немагчымай. Усевалад і Ўладзімер Манамах былі заняты сваімі сваркамі са сваякамі і барацьбой з полаўцамі. Усяслаў быў занадта слабы, каб у далейшым цягу весьці барацьбу. Абодва бакі змарылі сябе і не дасягнулі пажаданых мэтаў. Але перамога ўсё-ткі была на баку Усяслава, бо Полацкая зямля захавала сваю незалежнасьць; але і Усяслаў ня мог прычыніць істотнай шкоды Кіеўскай дзяржаве. Эпоха Ўсяслава—гэта вельмі выдатны момант у гісторыі Полацкай зямлі, калі яе магутнасьць дасягнула вялізнага значэньня. Зразумела, што барацьба Ўсяслава з кіеўскімі князямі вялася пры няўхільным падтрыманьні з боку насяленьня Полацкай зямлі, бо ў праціўным выпадку Усяслаў ня меў-бы ні людзей, ні сродкаў на працяг вайны, у якой побач з удачамі былі і значныя няўдачы. Эпоха Ўсяслава—гэроічны пэрыод у гісторыі Полацкае зямлі. Пасьля сьмерці Ўсяслава пачынаецца політычны заняпад Полацкае зямлі (1101).

Распад Полацкай дзяржавы. Пасьля сьмерці Ўсяслава Полацкая дынастычная дзяржава была падзелена паміж яго сынамі, якія мелі роўнае права на пэўную долю ў бацькаўскай спадчыне. Дзякуючы падзелу Полацкай зямлі паміж шасьцёх сыноў (Рогвалад, Давід, Барыс, Расьціслаў, Глеб і Раман), яна дзеліцца на ўдзелы, паміж якіх Полацк і Менск займалі першае месца. Еднасьць замежнай політыкі полацкіх князёў зьнікла. Полацкі Давід кіруецца на Кіеў, прымае ўдзел ня толькі ў паходзе супроць полаўцаў (1103), але і выступае ў саюзе з кіеўскімі князьмі супроць свайго брата Глеба менскага (1104). А апошні рабіў напады на смальнян і Тураўскую зямлю. Войска, якое паслаў Сьвятаполк Ізяславіч, спачатку нічога не дабілася. Глеб у далейшым цягу праводзіў політыку свайго бацькі. Ня гледзячы на тое, што Кіеўскі пасад дастаўся Уладзіміру Манамаху, які быў заінтарасованы у незачэпнасьці кіеўскіх і смаленскіх сваіх уладаньняў, і што полацкія князі былі выкінуты з Вялікага Воднага Шляху, — Глеб не пакідаў сваіх агрэсіўных намераў. У 1116 годзе Глеб напаў на Тураўскую і Смаленскую землі, захапіў Смаленск і спаліў Слуцк. Тады Уладзімір Манамах організаваў коаліцыю князёў супроць Глеба. Вячаслаў Уладзіміравіч Смаленскі заняў Воршу і Копысь. Брат яго