Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

больш дужымі экономічнымі і політычнымі організмамі, як Польшча і Масква, зьяўлялася значнай перашкодай на шляху нацыянальна-культурнага і політычнага разьвіцьця беларускага народу. На тэрыторыі Беларусі стыкнуцца польскі і велікарасійскі культурныя ўплывы. Нацыянальна-культурнае і політычнае адраджэньне пачнецца пазьней і будзе адбывацца больш павольным тэмпам, чымся ў іншых краёх.

2. Мінулае тэрыторыі.

Геолёгічная будова. У большасьці геолёгічных пэрыодаў тэрыторыя Беларусі была морскім дном, хаця рэшткі гэтых адкладаў спатыкаюцца даволі рэдка. У паўночна-ўсходняй часьці тэрыторыі (б. Віцебскай і б. Магілёўскай губ.) усюды спатыкаюцца ледавіковыя адклады, якія пакрываюць ніжэйпаложаныя пароды. Тут мае перавагу гэтак званая дэвонская формацыя. Пласты яе цягнуцца ад Рыскае затокі праз увесь вадазбор Заходняе Дзьвіны. Мінэральны склад, які спатыкаецца ўкраіне ўтвораў дэвонскае формацыі, адзначаецца недахватам цьвёрдых і разнастайных земных парод. Спатыкаюцца толькі вапнякі і пескавікі. У першых пападаюцца выкапні чарапашын, а ў другіх — рэшткі рыб. У паўднёва-ўсходняй часьці Беларусі маюць перавагу абгаленьні крэйдавай формацыі. Апрача крэйдавых парод вядомы гэтак сама зеленавата-шэрыя гліністыя пяскі з рэшткамі цьвёрдага скалкавага пескавіку. У Палесьсі крэйдавыя адклады складаюцца з даволі рыхлае крэйды з скалкамі і непрапушчаючых воду белых крэйдавых маргеляў. Нарэшце, у паўднёвай часьці б. Магілёўскай губ. і Палесься спатыкаюцца глаўконітавыя і белыя кварцавыя пяскі з праслоямі цёмнай гліны; гэтыя пяскі зьяўляюцца вынікам утварэньня трэтычнай сыстэмы з дамешкай крэйдавай формацыі ў выглядзе кавалкаў крэйды, вымытай з крэйдавых парод. Ад геолёгічнае будовы залежыць убогасьць Беларусі карыснымі выкапнямі. На тэрыторыі маецца ў нязначнай колькасьці жалезная руда, галоўным чынам у паўночнай часьці. У паўднёвай і паўднёва-ўсходняй часьці тэрыторыі спатыкаецца ў вялікай колькасьці балотная жалезная руда, аднак, даволі дрэннага гатунку, а гэтак сама знаходзіцца гліна ўва ўсходняй часьці тэрыторыі. Апрача гэтага, у паўночнай і ўсходняй Беларусі распаўсюджаны вапнякі і доломіты, а гэтак сама ёсьць торф, асабліва ў паўночна-ўсходняй часьці Палесься. Нарэшце, у паўночнай часьці знаходзяцца мінэральныя крыніцы, пераважна жалезістыя, але невялікай вартасьці. Агульны характар геолёгічнае будовы меў для народнае гаспадаркі вялізарнае значэньне.

Археолёгічнае мінулае. Эпоха палеоліта. Архэолёгічныя раскопкі на тэрыторыі Беларусі маюць сваю значную даўнасьць. У параўнаньні з архэолёгічнымі дасьледваньнямі поўдня і ўсходу ўсходня-эўропэйскай раўніны, тэрыторыя Беларусі зьяўляецца мала дасьледаванай. Архэолёгічныя помнікі — матар'ял вялікай гістарычнай вартасьці. Яны даюць магчымасьць як пранікнуць далёка ў мінулае тэрыторыі, гэтак і намеціць асноўныя вехі ў яе гістарычнай эволюцыі; адначасна з гэтым архэолёгічныя помнікі даюць багаты матар'ял, на падставе якога можна выявіць бытавы ўклад жыцьця насяленьня. З архэолёгічнага боку найбольш дасьледваны б. Віцебская губ., у яе заходніх частках, і Смаленская губ. Рэшта тэрыторыі толькі пачынае дасьледвацца. Найбольш старажытнай эпохай зьяўляецца эпоха каменнага веку. Гэты апошні дзеліцца на палеоліт і нэоліт. Характэрнай азнакай першага зьяўляецца ўжываньне прыладаў з неацесанага каменя, тады як у эпоху нэоліта ўсе прылады адшліфованы. Эпоха палеоліта ў параўнаньні слаба прадстаўлена на тэрыторыі Беларусі. Палеолітычныя прадметы знаходзяцца ў паўночнай і сярэдняй част-