Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

ля сьмерці Юр'я, Расьціслаў сам апынуўся на кіеўскім пасадзе (1159). Умешваючыся ў кіеўскія адносіны і паступова падгатаўляючы самому сабе шлях на кіеўскі пасад, князь Расьціслаў стараўся пашырыць свой уплыў на Полацк і Ноўгарад. Калі полацкія князі вярнуліся на бацькаўшчыну з высылкі ў Грэцыю, тут політычна ўмацоўваецца сям'я Глеба Усяславіча, які гэтак многа змагаўся за самастойнасьць Полацкае зямлі. Гэткая політыка не магла ня выклікаць неспакою ў князя Расьціслава. Ён пачаў падтрымліваць Рагвалода Барысавіча. Пачалася барацьба паміж дзьвюма сем’ямі пры чынным удзеле князя Расьціслава. Політычныя замыслы яго ўдаліся. Полацкая зямля разьдзялілася на два буйныя ўдзелы: Полацкі і Менскі. Абодва князі адчувалі на сабе руку Расьціслава. У канцы княжаньня Расьціслава, Віцебск адыйшоў да Смаленску. У XII ст. Ноўгарад залежаў ад Смаленску ў экономічных адносінах. Ноўгарад атрымліваў патрэбнае для сябе збожжа з Смаленску. Расьціславу ўдалося асталяваць у Ноўгарадзе свой уплыў, пасадзіўшы там сваіх сыноў: Сьвятаслава і Давіда. Політыка князя Расьціслава дала дадатныя вынікі. Ні адзін з суседзяў не зьяўляўся небясьпечным для Смаленскае зямлі. Захват Віцебску, ставячы Полацкую зямлю ў залежнасьць ад Смаленскай зямлі, аддаваў у распараджэньне ацошняй гандлёвы шлях з захаду на ўсход. Расьціслаў, пакінуўшы Смаленск дзеля Кіева, пасадзіў у Смаленску свайго сына Рамана (1159—1181). Політычная еднасьць Смаленскае зямлі захавалася і па сьмерці Расьціслава (1168). Яго сыны не атрымалі надзелаў у Смаленскай зямлі. Князь Раман стараўся трымаць Кіеў у політычнай ад сябе залежнасьці. Калі кіеўскі пасад захапіў Мсьціслаў Ізяславіч, то князь Раман прыняў удзел у экспэдыцыі Андрэя Багалюбскага супроць Кіева (1169). Стаўшы вялікім князем, князь Раман пачуў сваю залежнасьць ад Андрэя Суздальскага. Пад уплывам пагроз з боку суздальскага князя, князь Раман быў прымушаны пакінуць кіеўскі пасад. Іншыя Расьціславічы перасталі слухацца князя Андрэя. Барацьба поўначы з поўднем рабілася няўхільнай. У ёй быў прымушаны прыняць удзел і Раман Смаленскі. У Расьціславічаў ня было сіл змагацца з такой моцнай коаліцыяй, і яны пакінулі Кіеў. Калі Андрэй быў забіты ва Ўладзіміры, то Раман ізноў забраў Кіеў і пасьпяшыў захапіць кіеўскі пасад, але ўтрымацца на ім не патрапіў. Раман быў прымушаны вярнуцца ў свой Смаленск, адкуль насяленьне выгнала яго сына Яраполка і запрасіла яго дзядзьку Мсьціслава Ізяславіча. Цікавячыся больш Кіевам, чымся Смаленскам, князь Раман сваёй політыкай дапамагаў умацаваньню народнага веча, ад якога і Раман і яго сын выносілі шмат „прыкрасьцей". Князь Давід Расьціславіч (1180—1197) усю ўвагу зьвярнуў на Кіеў, дзе сядзеў вялікі князь Сьвятаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі. Спачатку барацьба за Кіеў закончылася для Давіда няўдачна. Толькі тады, калі князь Давід завязаў блізкія зносіны з Усеваладам Юравічам, ён мог распачаць барацьбу з чарнігаўскімі князьмі, захапіўшымі кіеўскі пасад, і ўмацавацца ў Кіеве, аддаўшы апошні свайму брату Рурыку. Барацьба з чарнігаўскімі князьмі за Кіеў прымушала смаленскіх князёў трымацца збоку ад барацьбы з полаўцамі. Апошнія беспасярэдна не пагражалі Смаленску. Тымчасам іх напады на Чарнігаўскую зямлю аслаблялі яе князёў і гэтым самым былі на руку смаленскім Расьціславічам. У 1185 годзе смаленскае войска адмовілася йсьці на полаўцаў і вярнулася назад дамоў разам з сваім князем. Смаленская зямля, падпаўшы пад уплыў Ростава-Суздальскіх князёў, утраціла свой уплыў і ў Ноўгарадзкай зямлі, на якую рабіў моцны націск Усевалад Юр’евіч. Дынастычная політыка Давіда Расьціславіча прывяла да таго, што смаленскі князь утраціў уплыў і ў Полацкай зямлі. Сьвятаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі завязаў зносіны з групай полацкіх удзельных князёў. На баку Давіда застаўся толькі друцкі князь—(1186). Пры такіх суадносінах сіл Полацкая зямля была