Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

утрачана для Давіда. Але ў 1196 годзе ўплыў Смаленску ў Полацкай зямлі часткай аднавіўся. Віцебск зноў адыйшоў да Смаленскае зямлі. Трымаючы ў сваіх руках вышнявіны З. Дзьвіны, смаленскі князь меў поўную магчымасьць выяўляць свой уплыў і на сярэдні бег З. Дзьвіны.

Аднаўленьне політычнага аўторытэту Смаленскае зямлі. З канца XII веку Смаленская зямля паволі аднаўляе утрачанае політычнае становішча. Князём Мсьціславу Раманавічу (1197—1214) і Ўсеваладу Рурыкавічу (1214—1219) удалося перамагчы суздальскую партыю і падняць свой уплыў. Мсьціславу Раманавічу ўдалося падчыніць сабе Кіеў, дзе ён і застаўся. Дамовая вайна ў князёўскай сям'і, якая распачалася пасьля сьмерці Ўсевалада Юравіча (1216), дазволіла вызваліць Ноўгарад і Смаленскую зямлю з-пад уплыву суздальскіх князёў. Смаленскія князі становяцца галоўнымі абаронцамі Ноўгараду ў яго барацьбе з немцамі і фінамі. Політычнае пяршынства перайшло да Смаленску. Нарэшце Мсьціслаў Давідавіч (1219—1230) зрабіў пачатак новай політыцы смаленскіх князёў. Яго цікавілі толькі справы Смаленскай зямлі. Умацаваўшаяся Літва робіць напады на Смаленск, разьбівае купцоў і парушае правіловы гандаль. Літоўскаму націску падлягала і Полацкая зямля, тэрыторыя якой зьменшылася пад уплывам немцаў, што аселі ля вусьця Заходняй Дзьвіны. У 1215 г. сам Мсьціслаў Давідавіч наведаўся ў Полацкую зямлю і выратаваў яе ад нямецкіх нападаў. Канечнасьць абароны гандлёвых шляхаў прымушала смаленскіх князёў прыняць чынны ўдзел у барацьбе з немцамі і гэтым самым аблегчыць цяжкае становішча Полацкае зямлі. Смаленскія князі энэргічна падтрымліваюць гэтак сама Пскоў і Ноўгарад у іх барацьбе з немцамі. Літоўска-нямецкія напады аслабілі Полацкую зямлю. З стратэгічнага боку аслабленьне апошняй было вельмі небясьпечным і для Ноўгараду і для Смаленску. Гэта прымусіла Мсьціслава Давідавіча прыняць самыя рашучыя крокі. Смальняне ў 1229 годзе ўзялі Полацк, дзе быў пасаджан князем Сьвятаслаў Мсьціславіч. З гэтага моманту політыка полацкіх і смаленскіх князёў, пакірованая супроць немцаў, становіцца супольнай. Уся гандлёвая політыка дыктуецца выключна адным смаленскім князем. Яго загады абавязковы і для Полацку і для Віцебску.

Заняпад Смаленскае зямлі. Унутраныя няладзіцы, якія пачаліся пасьля сьмерці Мсьціслава Давідавіча, прычыніліся да політычнага аслабленьня Смаленскае зямлі. Святаславу Мсьціславічу, што княжыў у Полацку, удалося супроць жаданьня народнага веча заняць Смаленск. Апіраючыся на прышоўшых з ім палачан, Сьвятаслаў гаспадарыў у Смаленску, як хацеў. Полацк пасьпеў выкарыстаць такое становішча і выдзеліцца. Літва ў далейшым цягу рабіла набегі. Нейкаму літоўскаму князю ўдалося нават захапіць Смаленск, які быў вызвалены ў 1239 г. Яраславам Усеваладавічам. Умяшаньне апошняга ў смаленскія справы прывяло да таго, што партыі, якія змагаліся ў Смаленску, пагадзіліся. На княжы пасад быў пасаджаны брат Сьвятаслава Ўсевалад, а затым вялікакняскі пасад перайшоў да Расьціслава Мсьціславіча, у сям'і якога ён захаваўся аж да самага канца смаленскае незалежнасьці. Няладзіцы ў Смаленску прывялі да таго, што Расьціславічы ўтрацілі Ноўгарад. Пасьля сьмерці Расціслава Мсьціславіча Смаленская зямля дзеліцца паміж яго трыма сынамі: Глебам, Міхайлам і Тодарам. Пачынаецца ў Смаленску ўдзельная сыстэма: Глеб і Міхайла выдзялілі Тодару Мажайскі ўдзел, рэшту тэрыторыі падзялілі між сабою.

Смаленск і татары. Смаленск ухіліўся ад татарскага пагрому, хаця ў 1242 годзе татары і зрабілі спробу захапіць Смаленск. У 1274 г. смаленскі князь падлягае загадам татарскага хана і разам з іншымі князямі адпраўляецца на Літву. У Смаленску жывуць татарскія чыноў-