Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

Вольнае насяленьне. Вольнае насяленьне называлася „людіе”, „мужы” і дзялілася на некалькі катэгорый. Да вышэйшае катэгорыі прыналежалі людзі блізкія да князя,—яго дружына. Яна дзялілася на старэйшую і малодшую. Княжыя мужы і баяры складалі старэйшую дружыну князя. Малодшыя дружыньнікі называліся „грід’ю", „отрокамі”, „детскімі”. Дружына служыла князю і была зьвязана толькі з ім. Калі ў 1151 годзе палачане былі нездаволены сваім князем Рагвалодам Барысавічам і паслалі яго ў Менск, то яны зрабавалі маёмасьць, як князя, гэтак і яго дружыны. Калі ў 1158 годзе Расьціслаў Глебавіч пакінуў Полацкую зямлю, то разам з ім пайшла і яго дружына. Адпраўляючыся прынесьці пакорнасьць Уладзіміру Манамаху, які аблажыў Менск, князь Глеб ідзе „с детьмі і с дружыной". У такіх самых адносінах да князя знаходзіліся баяры і ў Смаленску. Яны прымаюць удзел у княжай думе, пацьвярджаюць дагаворы, адпраўляюцца пасламі, назначаюцца прадстаўнікамі княжай улады па гарадох. Доступ у княжую дружыну быў адчынены для ўсіх жадаючых. Дзякуючы цесным сувязям Смаленску з Заходняй Эўропай, у складзе княжай дружыны было шмат чужаземцаў. Малодшыя дружыньнікі жылі пры княжым двары і звычайна выпаўнялі розныя дробныя даручэньні. У меру таго, як князі асядалі на адным месцы, дружыньнікі станавіліся земляўласьнікамі і рабаўласьнікамі. Земскія баяры, не ўваходзіўшыя ў склад княжай дружыны, называліся „огнішчапамі". Да сярэдняе катэгорыі адносіліся госьці, купцы, гандляры. Дзякуючы гандлёвым сувязям з Заходняй Эўропай і багацьцю, смаленскія госьці былі найбольш адукаванай групай смаленскага насяленьня. Смаленская „Тарговая праўда” 1229 году падрабязна вызначыла ўмовы дзеля гандлю і праўнае палажэньне чужаземцаў у Смаленскай, Полацкай і Віцебскай землях і купцоў гэтых-жа зямель за граніцай. Займацца гандлем меў права кожны вольны чалавек. Ніжэйшую катэгорыю насяленьня складалі сьмерды і людзі. Першыя сядзелі на княжай зямлі, плацілі князю дань і былі абавязаны адбываць вайсковую павіннасьць. Рэшта насяленьня называлася топографічнымі іменьнямі: палачане, дручане, смальняне і г. д. Гэтыя людзі і складалі асаблівае гарадзкое і сельскае насяленьне, якое карысталася правам унутранага самасправаваньня, але было зьвязана кругавою парукаю і адказнасьцю за праступленьні. Жыхары гарадоў займаліся рамёсламі і дробным гандлем. Жыхары сёл— займаліся рознымі промысламі і ральніцтвам.

Напоўвольныя. Вольны чалавек, які зрабіў пазыку і прымушаны з гэтае прычыны жыць на дварэ свайго крэдытора аж да выплаты гэтае пазыкі—называўся „закупом”. Апошнімі маглі стаць і рабочыя— рольнікі, атрымаўшыя наперад сваю заработную плату, якую яны былі абавязаны адрабіць. Калі ўтвораныя абавязальныя адносіны канчаліся, канчаўся і стан закупніцтва.

Нявольнае насяленьне. Яно азначаецца тэрмінамі: чэлядзь, халоп, раб. Крыніцы рабства былі наступныя: палон, самапродаж у рабства, шлюб з рабою бяз умовы, паступленьне ў цівуны „без ряду“, пахаджэньне ад нявольных бацькоў, уцёкі закупа ад свайго пана, праступленьні і неаплачаны доўг, злоснае банкроцтва, шлюб вольных з халопамі. Гэтыя крыніцы рабства мелі месца на тэрыторыі ўсёй Кіеўскай дзяржавы. Крыніцы рабства ў Полацкай зямлі нявыразны, за выключэньнем палонных. На існаваньне рабства ў Смаленскай зямлі паказвае смаленская „Тарговая праўда”. У якасьці аднэй з крыніц рабства яна адзначае „гнев князя на своего человека”, злучаны з конфіскацыяй маёмасьці і адданьнем яго самога, жонкі і дзяцей у халопства. Рабы спачатку выпаўнялі розныя хатнія работы, а ў меру разьвіцьця прыватнага ральніцтва—складалі галоўную рабочую сілу земляўласьнікаў.

Праўнае палажэньне вольных. Усе вольныя людзі карысталіся ўсёй паўнатою грамадзянскай праваздольнасьці і ўласнавольнасьці. Яны