Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

дае паасобныя факты з жыцьця народных веч Полацку і Смаленску. Права ўдзелу ў вечах прыналежала вольнаму насяленьню ня толькі стольнага гораду, але і прыгарадаў. Да паловы XIII ст. на вечавых сходах у Полацку быў прысутны князь. У XIII—XIV ст. на вечах у Полацку быў прысутны гэтак сама і біскуп. Вечавыя сходы ня былі пэрыодычныя. Яны склікаліся пад уплывам тых ці іншых чарговых дзяржаўных патрэб. Веча магло быць склікана князем, паасобнай асобай і цэлай партыяй. Пэўнага месца для сходу веча ня было. Веча ў Полацку зьбіралася і пад голым небам, і каля Сафійскага сабору, і цэрквы багародзіцы. Усе паднятыя на вечы пытаньні вырашаліся галасамі большасьці, якая прымушала маўчаць усіх нязгодных з пастановаю веча. З надворнага выгляду вечавая пастанова была аднагалоснай. Самыя пастановы выконваліся або самім народам, або тымі асобамі, якім веча давала даручэньне выканаць вечавую пастанову. Прадметы, падлягаючыя вырашэньню веча, былі рознастайны: веча мела законадаўчую ўладу. Смаленская “Тарговая праўда" 1229 году была зацьверджана вечам. Устаўная Грамата князя Расьціслава Мсьціславіча 1150 году была прынята вечам. Веча выбірала князя. Абраньне князя народным вечам аднолькава было ўласьцівым і Полацку і Смаленску. Князі, якім не ўдавалася наладзіць сваіх адносін з вечам, павінны былі дабрахоць пакінуць свае пасады. У праціўным выпадку нездаволенае веча гэткага князя выганяла з гораду. Веча завязвала шэраг умоваў з князем. Веча мела права судзіць сваіх гаражан, але ці ўмешвалася веча ў Полацку і Смаленску у ўнутраныя справы кіраўніцтва, як гэта было ў Ноўгарадзе, аб гэтым крыніцы нічога ня кажуць. Веча ў Полацку і Смаленску мела права завязваць мір, вяло дыплёматычныя зносіны, уваходзіла ў рознастайныя політычныя дагаворныя і саюзныя адносіны. Веча зьбіралася на водгалас вечавога звону. Прынамсі ўстаноўлена, што ў палове XV веку ў Смаленску быў вечавы звон. Політычная сытуацыя ўтварала партыі. Гэткія мелі месца і ў Полацку і ў Смаленску. Утварэньне клясавага падзелу на лепшых і чорных людзей спрыяла ўзьнікненьню і абвастрэньню політычнае барацьбы, прадметам якой часамі бывала кандыдатура таго ці іншага прэтэндэнта на княжы пасад у Полацку і ў Смаленску. Умацаваньне народнага веча ў Смаленску можа быць аднесеным да эпохі Расьціславічаў.

Князь. Значэньне князя і яго адносіны да веча ў значнай меры залежалі ад стопню яго ўплыву і заслуг перад краінай. І ў Полацку і ў Смаленску княжая ўлада была істотна абмяжована вечам. Князь зьяўляецца знадворным прадстаўніком зямлі. Ён пасылае і прымае пасольствы, прыкладвае пячаці да завязаных дагавораў, вядзе ваенныя справы, суд і ўнутранае кіраўніцтва, назначае ўрадовых асоб: пасаднікаў, якія ў Смаленскай зямлі дзяліліся на гарадзкіх і сельскіх, „детскіх" чыноўнікаў для збору гандлёвых і іншых падаткаў, „купоемцев" у Смаленску. Органы ўнутранага кіраваньня былі прылазьдзем княжай політыкі з тэй мэтай, каб падтрымліваць парадак і супакой на тэй ці іншай падуладнай князю тэрыторыі. На карысьць князю паступалі судовыя зборы: віра і продаж, агульныя натуральныя і грашовыя подаці з усёй зямлі, гандлёвыя падаткі, палюдзьдзе і пагародзьдзе ў Смаленску. Грамата Расьціслава 1150 году падрабязна пералічвае, што І ў якой колькасьці павінен быў кожны горад аддаваць князю натураю, грашмі; апрача гэтага на карысьць князю паступала конфіскованая маёмасьць праступнікаў, пастаўленых па-за законам, падарункі чужаземных купцоў і паслоў, даходы з прыватнае гаспадаркі князя.

Княжая дума. Княжая дума — рада пры князі. У яе склад уваходзілі старэйшыя княжыя дружыньнікі—баяры. І ў Полацку і ў Смаленску ў складзе дружыны былі чужаземцы. Баяры складаюць галоўную ваенную сілу князя. З іх асяродзьдзя назначаліся пасаднікі. Ба-